Пошук

30.10.2020 16:17   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Сёлета на плошчы Святога Пятра будзе ўсталявана керамічная батлейка з італьянскай мясцовасці Кастэллі, што ў правінцыі Тэрама ў Абруцца, якая з XVI стагоддзя з’яўляецца важным цэнтрам вытворчасці керамікі.

Як паведаміла 30 кастрычніка Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, батлейка будзе ўсталявана побач з 28-метровай ялінай з Кочаўя, што ў Славеніі.

Па інфармацыі Губернатарату Дзяржавы Горада Ватыкана, «у гэтым годзе яшчэ больш, чым звычайна, аздабленне традыцыйнай прасторы на плошчы Святога Пятра, прысвечанай Божаму Нараджэнню, стане для ўсяго свету знакам надзеі і даверу», выяўляючы тое, што «Езус прыходзіць да свайго народа, каб яго збавіць і суцешыць».

Адзначаецца, што гэта — «важнае пасланне ў гэты цяжкі час эпідэміялагічнага крызісу, звязанага з COVID-19».

Традыцыйна адкрыццё батлейкі і запальванне лямпачак на ялінцы адбудзецца ў пятніцу 11 снежня ў 16.30. Цырымонія, якую правядуць кіраўнік Губернатарату кардынал Джузэпэ Бертэлла і яго генеральны сакратар біскуп Фэрнандо Вергэс Альзага, пройдзе з захаваннем усіх неабходных санітарных прадпісанняў. У той жа дзень Папа Францішак прыме дэлегацыі з Кастэллі і Кочаўя, якія афіцыйна прадставяць свае дары — батлейку і ялінку.

Батлейка складаецца з керамічных фігур, большых за чалавечы рост.

Гэта не толькі сімвал культуры рэгіёна Абруцца, але таксама твор сучаснага мастацтва, якое разам з тым сягае каранямі ў традыцыйную тэхніку апрацоўкі керамікі, уласцівую Кастэллі.

Фігуры выкананы вучнямі і настаўнікамі дзяржаўнага ліцэя дызайну з канцэнтрычных сегментаў. На плошчы Святога Пятра будуць прадстаўлены толькі некаторыя з 54-х фігур батлейкі. Яны выяўляюць сцэну нараджэння Езуса Хрыста, а над Святой Сям’ёй узвышаецца Анёл. Тут жа можна ўбачыць дудара, пастушкоў са збаном, жалейніка і нават дзяўчынку з лялькай.

У батлейцы прасочваецца сувязь са старажытным грэцкім і шумерскім мастацтвам, а таксама са старажытнаегіпецкай скульптурай. Упершыню такая батлейка з’явілася ў 1965 г. перад касцёлам у Кастэллі, у 1970 г. яна экспанавалася на рынку Траяна ў Рыме, а праз некалькі гадоў — у Ерузалеме, Бэтлееме і Тэль-Авіве.

Славенская ялінка паходзіць з рэгіёна з некранутай рукой чалавека прыродай, дзе лясы займаюць 90 працэнтаў тэрыторыі. Падараванае Папу Францішку дрэва расло непадалёк ад вёскі Кочаўская Рэка.

Ялінка і батлейка застануцца на плошчы Святога Пятра да заканчэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння — да свята Хросту Пана, якое будзе адзначацца 10 студзеня наступнага года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа