27 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся на аўдыенцыі з прэфектам Кангрэгацыі па справах кананізацыі арцыбіскупам Марчэло Сэмерара і ўхваліў дэкрэты, якія датычацца кананізацыйнай і некалькіх беатыфікацыйных спраў.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першымі трыма дэкрэтамі прызнаюцца цуды, здзейсненыя праз заступніцтва благаслаўлёнага Джусціно Марыі Русаліла, італьянскага святара, заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў, памерлага 2 жніўня 1955 г., Слугі Божай Марыі Ларэнца ін Лонга, іспанскай законніцы, заснавальніцы бальніцы для невылечна хворых у Неапалі і кангрэгацыі Манахінь Кларысак Капуцынак, памерлай у Неапалі 21 снежня 1539 г., і Слугі Божай Эльжбеты Чацкай, польскай законніцы, заснавальніцы Таварыства Апекі над Сляпымі і Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Служак Крыжа, памерлай 15 мая 1961 г.
Яшчэ тры дэкрэты прызнаюць мучаніцтва.
Яны датычацца Слуг Божых Леанарда Мелкі і Томаса Салеха, святароў з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, забітых з нянавісці да веры ў Турцыі ў 1915 і 1917 гг., Слугі Божага Луіджы Ленцыні, дыяцэзіяльнага святара, забітага з нянавісці да веры ў італьянскім Крочэтэ-дзі-Павула ў ноч з 20 на 21 ліпеня 1945 г., і Слугі Божай Ізабэлы Крысціны Мрад Кампас, свецкай верніцы, забітай па той жа прычыне ў бразільскім Джуіс дэ Фора 1 верасня 1982 г.
Двума іншымі дэкрэтамі прызнаецца гераічнасць цнотаў.
Яны датычацца Слугі Божага Раберто Джавані, бразільца, брата з Кангрэгацыі Святых Стыгматаў Пана Нашага Езуса Хрыста, які памёр у Кампінасе 11 студзеня 1994 г., і Марыі Тэрэзы ад Сэрца Езуса, іспанкі, якая была адной з заснавальнікаў Кангрэгацыі Служак Боскага Сэрца Езуса і памерла ў Севільі 2 чэрвеня 1908 г.
Пра даты правядзення кананізацыйных і беатыфікацыйных абрадаў будзе вядома пазней.