Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І будзе знаходзіцца ў Рыме з 19 па 21 кастрычніка і сустрэнецца з Папам Францішкам.
Як са спасылкай на сайт Оrthodoxtimes.com інфармуе беларуская рэдапкцыя парталу Vatican News, 20 кастрычніка Патрыярх Барталамей І возьме ўдзел у Мірнай сустрэчы, арганізаванай Супольнасцю св. Эгідзія, якая сёлета пройдзе на тэму «Ніхто не збаўляецца сам — мір і братэрства».
Акрамя таго, 21 кастрычніка ў Папскім Антаніянскім універсітэце Патрыярху будзе нададзены тытул доктара філасофіі honoris causa. Мерапрыемства адбудзецца з захаваннем правіл прафілактыкі COVID-19 і будзе трансліравацца ў прамым эфіры на YouTube.
Сустрэчы Патрыярха Барталамея І з Пантыфікамі носяць рэгулярны характар.
Праваслаўны іерарх неаднаразова наведваў Ватыкан, а Папа Францішак быў з візітам у рэзідэнцыі Патрыярха Канстантынопальскага ў Фанары. Яны сустракаліся падчас пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю, разам наведвалі бежанцаў на грэчаскім востраве Лесбас. Папярэдні візіт Барталамея І ў Ватыкан адбыўся 17 верасня 2019 г.