Святы Айцец абнавіў склад Рады Кардыналаў і прызначыў новага Прэфекта кангрэгацыі па справах кананізацыі, якім стаў італьянскі біскуп Марчэло Сэмерара.
Як паведаміла 15 кастрычніка беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак пацвердзіў паўнамоцтвы і прызначыў новых членаў Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі.
У цяперашні час Рада актыўна працуе над праектам новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі і сістэматызуе рэкамендацыі і прапановы епіскапатаў, іерархаў, дыкастэрый і экспертаў.
З папярэдняга складу ў новы перайшлі: кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, які застанецца каардынатарам дарадчага органа пры Пантыфіку; кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін; кардынал Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША; кардынал Рэйнхард Маркс з Германіі і кардынал Джузэпэ Бэртэла з Італіі.
Новым членам Рады Пантыфік прызначыў арцыбіскупа Кіншасы, кардынала Фрыдаліна Амбонга Безунгу. Кангалезскі іерарх атрымаў пурпурны берэт з рук Папы Францішка ў 2019 г.
Італьянскі біскуп Марко Мэліна стаў новым Сакратаром Рады Кардыналаў, змяніўшы на гэтай пасадзе свайго земляка італьянскага біскупа Марчэло Сэмерара, які ўзначаліў Кангрэгацыю па справах кананізацыі.
Новы кіраўнік дыкастэрыі, які прыйшоў на змену кардыналу Джаванні Анджэло Бэчу, да гэтага часу быў пастырам дыяцэзіі Альбана і сакратаром Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.
Vatican News зазначае, што біскуп Сэмерара скончыў Папскі латэранскі ўніверсітэт у Рыме, дзе атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі. Выкладаў у Апулійскім тэалагічным інстытуце. Апублікаваў некалькі кніг на тэму эклезіялогіі і духоўнасці. Удзельнічаў у некалькіх Сінодах Біскупаў, у тым ліку ў якасці Спецыяльнага сакратара. З 2013 г. працаваў Сакратаром Рады кардыналаў пры Пантыфіку.
Кангрэгацыя па справах кананізацыі была ўтворана 8 мая 1969 г. Апостальскай канстытуцыяй Sacra Rituum Congregatio Паўла VI. Да гэтага часу некалькі стагоддзяў пытаннямі кананізацыі займалася Кангрэгацыя Абрадаў.