Пошук

07.10.2020 14:24   Паводле: Vatican News
Фота: Aciprensa.com

Дзейнасці вернікаў у свеце павінна папярэднічаць маўчанне і малітва, інакш яны рызыкуюць займацца ліхаманкавай мітуснёй без мэты, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 кастрычніка прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VІ.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. Ён звярнуў увагу вернікаў на адну з самых яскравых постацяў Святога Пісання — прарока Іллю.

Пантыфік заўважыў, што ў Бібліі Ілля з’явіўся і знік «таямнічым чынам». Ён паходзіў з невядомай маленькай вёскі, а быў забраны на неба на вогненай калясніцы: быў чалавекам без дакладнага паходжання і без яснага канца, вяртання якога чакалі перад прыйсцем Месіі.

«Святое Пісанне паказвае нам Іллю як чалавека крыштальна чыстай веры: само яго імя, якое можа азначаць “Яхвэ — гэта Бог”, змяшчае ў сабе таямніцу яго місіі. Такім ён застаўся на ўсё жыццё: чалавекам сумленным, няздольным на дробязныя кампрамісы. Яго сімвал — агонь, вобраз ачышчальнай моцы Бога. Ён першы зведаў цяжкае выпрабаванне і застаўся верны.

Ён з’яўляецца прыкладам усіх людзей веры, якія зведалі спакусы і пакуты, але не здрадзілі ідэалу, для якога нарадзіліся»,

— сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што малітва была «жыццядайным сокам», якім сілкаваўся Ілля. Па гэтай прычыне ён стаў адной з самых улюбёных постацяў у манаскай традыцыі. Але нават нягледзячы на тое, што Ілля быў Божым чалавекам, які абараняў першаснасць Найвышэйшага, таксама і ён быў вымушаны лічыцца з уласнымі слабасцямі, заўважыў Святы Айцец.

«У душы чалавека, які моліцца, пачуццё ўласнай слабасці больш каштоўнае за хвіліны ўзвышэння, калі здаецца, што жыццё — гэта кавалькада перамогаў і поспехаў.

У малітве заўсёды здараецца так: малітоўныя моманты, калі адчуваем узнёсласць, запал, і моманты болю, сухасці, выпрабавання… Гэта можна ўбачыць у шматлікіх іншых прыкладах біблійнага паклікання, таксама ў Новым Запавеце, падумаем, напрыклад, пра святога Пятра і святога Паўла. Таксама і іх жыццё было такім: хвіліны ўзвышэння і хвіліны прыніжэння, пакутаў», — нагадаў Папа.

Па яго словах, прарок Ілля — чалавек сузіральнага жыцця і, адначасова, актыўнага. Ён быў заклапочаны падзеямі свайго часу, быў здольным пайсці супраць караля і каралевы, калі яны загадалі забіць Набота, каб завалодаць яго вінаграднікам.

«Як жа моцна мы патрабуем вернікаў, руплівых хрысціянаў, якія перад людзьмі, надзеленымі кіраўнічай адказнасцю, з адвагай Іллі будуць казаць: Гэтага рабіць нельга! Гэта — забойства! Мы маем патрэбу ў духу Іллі.

Ён паказвае нам, што не павінна існаваць раздваення ў жыцці таго, хто моліцца: трэба стаяць перад Панам і выходзіць насустрач братам, да якіх Ён пасылае»,

— сказаў Папа.

Ён дадаў, што «пацвярджэннем сапраўднасці малітвы з’яўляецца канкрэтная любоў да бліжняга». «Вернікі павінны дзейнічаць у свеце пасля таго, як спачатку памаўчаць і памоляцца, інакш іх дзейнасць будзе імпульсіўнай, пазбаўленай праніклівасці, будзе ліхаманкавай мітуснёй без мэты», — папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што вера Іллі развівалася: таксама і ён узрастаў у малітве, паступова ўдасканальваў яе. Аблічча Бога станавілася для Яго ўсё больш і больш выразным аж да кульмінацыйнага моманту ў тым надзвычайным досведзе, калі Бог аб’явіўся Іллі на гары Горэб.

«Ён аб’явіўся не ў бязлітаснай буры, не ў землятрусе ці знішчальным агні, а ў „павеве ціхага ветру“. Менавіта праз гэты сціплы знак Бог кантактаваў з Іллёй, які ў той час быў прарокам-уцекачом, што згубіў супакой. Бог выйшаў насустрач стомленаму чалавеку, які лічыў, што пацярпеў паразу на ўсіх франтах, але дзякуючы гэтаму ласкаваму ветрыку ў яго сэрца вярнуліся супакой і мір», — падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы катэхезы Папа адзначыў, што гісторыя Іллі, здаецца, напісана для ўсіх нас.

«Аднойчы вечарам мы можам адчуць сябе непатрэбнымі і самотнымі. Менавіта тады малітва прыйдзе і пастукаецца ў дзверы нашага сэрца.

<…> І нават калі памылімся ў нечым ці адчуем пагрозу і страх, калі вяртаемся да Бога з малітвай, вернуцца, нібыта праз цуд, таксама супакой і мір. Гэтаму нас вучыць прыклад Іллі», — сказаў Пантыфік.

Абноўлена 07.10.2020 16:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.