Пошук

05.10.2020 10:15   Паводле: Vatican News
Фота: PAP / EPA

3 кастрычніка ў Асізі (Італія) Папа Францішак падпісаў энцыкліку Fratelli tutti (Усе браты). Гэта яго трэцяя энцыкліка пасля Lumen fidei (2013) і Laudato si’ (2015).

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, cам Пантыфік называе гэтую энцыкліку «сацыяльнай». Назвай для дакумента паслужылі словы з «Напамінаў» св. Францішка Асізскага, з якімі ён звяртаўся «да ўсіх братоў і сясцёр», каб прапанаваць ім «мадэль жыцця са смакам Евангелля».

Скажэнні сучаснай эпохі

Першы з васьмі раздзелаў энцыклікі — «Цені замкнёнага свету» — сканцэнтраваны на шматлікіх скажэннях сучаснай эпохі: на маніпуляванні такімі паняццямі, як дэмакратыя, свабода, справядлівасць, і іх дэфармацыі; на эгаізме і абыякавасці да супольнага дабра; на перавазе рыначнай логікі, што грунтуецца на пошуку выгады і на культуры адкідання; на беспрацоўі, расізме, беднасці; на няроўнасці правоў і іх невыкананні, што выліваецца ў нявольніцтва, гандаль людзьмі, арэчаўленне жанчын, іх гвалтаванне і змушэнне да аборту; на гандлі чалавечымі органамі (10–24).

Папа падкрэслівае, што гаворка ідзе пра глабальныя праблемы, якія патрабуюць глабальных дзеянняў.

Ён асуджае таксама «культуру муроў», якая, сеючы страх і самотнасць, спрыяе распаўсюджванню мафіі (27–28).

Салідарна адказныя за будаўніцтва грамадства

У якасці адказу на мноства пералічаных «ценяў» энцыкліка прапануе прыклад Добрага Самараніна. Яму прысвечаны другі раздзел дакумента — «Чужынец на дарозе», у якім Пантыфік сцвярджае, што ў хворым грамадстве, якое адварочваецца ад болю і застаецца «недасведчаным» у справе клопату пра слабых і ўразлівых (64–65), усе мы пакліканы праяўляць блізкасць да іншага (81), пераадольваючы прадузятасць і асабістыя інтарэсы.

Усе мы, па яго словах, з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, здольнага залучаць, інтэграваць і суцяшаць тых, хто пакутуе (77).

Любоў будуе масты, і мы «створаны для любові» (88), нагадвае Папа, заклікаючы найперш хрысціянаў бачыць Хрыста ў абліччы кожнага адкінутага (85).

Духоўны рост вызначаецца любоўю, таксама да чужынцаў

Здольнасць любіць у яе «ўніверсальным вымярэнні» (83) разглядаецца і ў трэцім раздзеле энцыклікі — «Задумваць і ствараць адкрыты свет». Пантыфік заклікае «выходзіць па-за межы саміх сябе», каб знаходзіць у іншых «умацаванне быцця» (88), адкрываючыся на бліжняга згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да «ўніверсальнага адзінства» (95). Ён падкрэслівае, што духоўны рост чалавечага жыцця вызначаецца любоўю, якая заахвочвае шукаць дабра для іншага чалавека (92–93).

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадвае пра неабходнасць ахоўваць і паважаць сям’ю з яе «першаснай і неад’емнай выхаваўчай місіяй» (114), бо менавіта ўнутры яе зараджаюцца пачуцці салідарнасці і братэрства.

Нікому, як адзначаецца, нельга адмаўляць у праве на годнае жыццё, і, паколькі правы не маюць меж, ніхто не можа быць адкінуты, незалежна ад таго, дзе нарадзіўся (121). З гэтага пункту гледжання Пантыфік заклікае падумаць пра «этыку міжнародных адносін» (126), таму што кожная краіна належыць і чужынцам; патрабуючым і выхадцам з іншых месцаў нельга адмаўляць у дабротах тэрыторыі.

Такім чынам, Папа нагадвае пра першаснасць прынцыпу ўніверсальнага прызначэння дабротаў адносна натуральнага права на прыватную ўласнасць (120).

Асобная ўвага надаецца пытанню знешняй запазычанасці дзяржаў: не аспрэчваючы абавязку яе выплаты, Святы Айцец выказвае пажаданне, каб гэтае патрабаванне не ставіла пад небяспеку рост найбольш бедных краін і іх забяспечанасць сродкамі да існавання (126).

Прымаць, абараняць, інтэграваць мігрантаў

Тэме міграцыі часткова прысвечаны другі раздзел энцыклікі і цалкам — чацвёрты: «Сэрца, адкрытае на ўвесь свет». Пантыфік заклікае прымаць, абараняць, інтэграваць і спрыяць развіццю мігрантаў з іх «змучанымі жыццямі» (37), што праходзяць ва ўцёках ад войнаў, пераследу, стыхійных бедстваў, несумленных гандляроў. Справядлівай раўнавагай для краін, якія прымаюць мігрантаў, ён называе абарону правоў грамадзян і забеспячэнне прыняцця і падтрымкі мігрантаў (38–40).

Папа пералічвае асобныя «жыццёва важныя меры рэагавання» на ўцёкі ад «глыбокіх гуманітарных крызісаў»: павялічыць колькасць і спрасціць працэдуру атрымання віз; адкрыць гуманітарныя калідоры; гарантаваць бежанцам прытулак, бяспечнасць і першасныя паслугі; даць магчымасць працы і адукацыі; спрыяць уз’яднанню сем’яў; абараняць непаўналетніх; забяспечыць рэлігійную свабоду. Падкрэсліваецца асаблівая важнасць глабальнага кіраўніцтва міграцыяй, якое б рэалізоўвала маштабныя доўгатэрміновыя праекты ў імя салідарнага развіцця ўсіх народаў (129–132).

Заданне палітыкі — абараняць фундаментальныя правы чалавека

«Найлепшая палітыка» — так гучыць назва пятага раздзела — увасабляе, на думку Папы Францішка, адну з найбольш каштоўных форм чалавекалюбства, таму што служыць усеагульнаму дабру (180) і ўсведамляе важнасць народа як адкрытай супольнасці, гатовай да дыскусій і дыялогу (160). Ёй супрацьпастаўляецца «папулізм», які ігнаруе законнасць паняцця «народ» і дабіваецца кансэнсусу, каб падпарадкаваць яго ўласным інтарэсам (159).

Найлепшая палітыка, заўважае Папа, ахоўвае працу – «неад’емнае вымярэнне сацыяльнага жыцця», імкнучыся забяспечыць кожнага чалавека магчымасцю для развіцця сваіх здольнасцяў (162).

Адзначаецца, што эфектыўная стратэгія барацьбы з беднасцю не абмяжоўваецца ўтрыманнем патрабуючых, але намагаецца спрыяць іх развіццю ў духу салідарнасці і субсідыярнасці (187). Заданне палітыкі, па словах Пантыфіка, — знайсці рашэнне адносна ўсяго, што парушае фундаментальныя правы чалавека: сацыяльнай ізаляцыі; гандлю чалавечымі органамі, зброяй і наркотыкамі; сексуальных злоўжыванняў; нявольніцкай працы; тэрарызму і арганізаванага злачынства. Папа заклікае канчаткова вынішчыць гандаль людзьмі — «ганьбу чалавецтва», і голад, які таксама з’яўляецца злачынствам, бо харчаванне — «неад’емнае права» чалавека (188–189).

Як адзначае Святы Айцец, патрэбна палітыка, сканцэнтраваная на годнасці чалавека і не падпарадкаваная фінансам, бо «рынак сам па сабе нічога не вырашае»: гэта даказалі «кровапраліцці», справакаваныя фінансавымі спекуляцыямі (168). У гэтым святле, па яго словах, асаблівую важнасць набываюць народныя рухі: сапраўдныя «патокі маральнай энергіі», яны павінны быць часткай грамадства. Тады можна будзе перайсці ад палітыкі ў інтарэсах бедных да палітыкі саміх бедных і разам з беднымі (169).

Яшчэ адно пажаданне, выказанае ў энцыкліцы, датычыць рэформы ААН: ва ўмовах панавання эканамічнага вымярэння заданнем Арганізацыі бачыцца канкрэтызацыя паняцця «сям’я нацый» і праца на карысць усеагульнага дабра, выкараненне беднасці і абарона правоў чалавека.

Дадаецца, што, нястомна звяртаючыся да «перамоў, сяброўскай падтрымкі і арбітражу», ААН павінна пашыраць моц права (173–175).

Жыць культурай сустрэчы з усімі

З шостага раздзела — «Дыялог і сацыяльнае сяброўства» — вынікае канцэпцыя жыцця як культуры сустрэчы з усімі, у тым ліку з перыферыямі свету і з карэннымі народамі, таму што «ад усіх можна нечаму навучыцца і ніхто не бескарысны» (215).

Папа заклікае да адраджэння «цуду ветлівасці», якую называе «зоркай у цемры», «вызваленнем з жорсткасці, страху і рассеянай спешнасці», што пераважаюць у сучасным свеце (222–224).

Смяротнае пакаранне павінна быць адменена ва ўсім свеце

Сёмы раздзел — «Маршруты новай сустрэчы» — утрымлівае разважанні адносна каштоўнасці міру – «рамяства», у якім кожны павінен браць удзел (227–232). З ім цесна звязана прабачэнне: Папа нагадвае, што трэба любіць усіх без выключэння. Пры гэтым, як дадае ён, любіць прыгнятальніка — значыць дапамагчы яму перамяніцца і не дапускаць далейшага ўціску бліжніх (241–242).

Прабачэнне, па словах Пантыфіка, не значыць беспакаранасць; гэта справядлівасць і памяць, таму што прабачыць — не значыць забыць, але адмовіцца ад разбуральнай моцы зла і помсты.

У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікае памятаць памылкі Халакосту, атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, расавага пераследу і масавых забойстваў, бо гэта дазваляе падтрымліваць жывым агонь калектыўнай свядомасці. Нельга забываць і пра атрыманае дабро (246-252).

Міру пастыр паўсюднага Касцёла супрацьпастаўляе вайну — «пастаянную пагрозу», увасабленне «адмаўлення ўсіх правоў», «заняпаду палітыкі і чалавецтва», «ганебнай капітуляцыі перад сіламі зла». Папа падкрэслівае, што сёння ядзерная, хімічная і біялагічная зброя паражае мноства нявінных людзей, таму больш немагчыма нават думаць пра «справядлівую вайну»: ад вайны трэба рашуча адмовіцца. Ён дадае, што абсалютная ліквідацыя ядзернай зброі з’яўляецца «маральным і гуманітарным імператывам», а сродкі, якія выдаткоўваюцца на ўзбраенне, лепш накіраваць на заснаванне Сусветнага фонду барацьбы з беднасцю (255-262).

Пантыфік адназначна выказваецца наконт смяротнага пакарання: яно непрымальнае і павінна быць адменена ва ўсім свеце (263–269).

Адначасова ён нагадвае пра неабходнасць паважаць «святасць жыцця» (283), улічваючы, што сёння асобныя катэгорыі чалавецтва — ненароджаныя, бедныя, з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлыя – «здаецца, успрымаюцца прыдатнымі для прынясення ў ахвяру» (18).

Шлях міру паміж рэлігіямі магчымы

У апошнім, восьмым раздзеле — «Рэлігіі на службе братэрству ў свеце» — Папа закранае праблему тэрарызму, сцвярджаючы, што яна абумоўлена не рэлігіяй, а памылковымі інтэрпрэтацыямі рэлігійных тэкстаў, а таксама палітыкай голаду, беднасці, несправядлівасці, прыгнёту (282–283). Ён выказвае перакананне, што шлях міру паміж рэлігіямі магчымы: для гэтага неабходна забяспечыць рэлігійную свабоду — фундаментальнае права ўсіх веруючых людзей (279).

Энцыкліка ўтрымлівае разважанні адносна ролі Касцёла: яна не адсоўвае сваю місію ў сферу прыватнага і, хоць не займаецца палітыкай, аднак не адмаўляе палітычнага вымярэння жыцця, надае ўвагу ўсеагульнаму дабру, клопату пра ўсебаковае развіццё чалавека згодна з прынцыпамі Евангелля (276–278).

Нарэшце, Пантыфік цытуе «Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні», падпісаную 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі, заклікаючы, каб у імя чалавечага братэрства міжрэлігійны дыялог быў прыняты за шлях, супрацоўніцтва — за стыль паводзін, узаемнае пазнанне — за метад і крытэрый дзейнасці (285).

Абноўлена 05.10.2020 10:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа