Пошук

19.09.2020 19:22   Паводле: Vatican News
Фота: asianews.it

Святы Пасад у чарговы раз заклікаў да мірнага і справядлівага вырашэння грамадска-палітычнай сітуацыі, якая ўзнікла ў Беларусі пасля выбараў.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН, які з 2001 па 2004 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне, узяў удзел у спецыяльных дэбатах па сітуацыі ў Беларусі, што адбыліся ў Жэневе ў межах 45-й сесіі Рады па правах чалавека.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх зазначыў, што для зняцця напружанасці ў краіне неабходныя «шчыры дыялог, адмаўленне ад насілля, павага да справядлівасці і правоў».

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што Папа Францішак выказаў свой клопат адносна Беларусі і мясцовага Касцёла падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 16 жніўня.

Візіт у Беларусь арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, прайшоў 11-14 верасня таксама ў гэтым ключы.

Арцыбіскуп Юркавіч выказаў пажаданне, каб сустрэчы і дыскусіі з удзелам грамадзянскіх і касцёльных уладаў маглі прывесці да «больш глыбокага разумення эклезіяльнай місіі Касцёла і ролі, якую ён выконвае ў спрыянні грамадскаму прымірэнню і нацыянальнай згуртаванасці».

«У пошуку мірнага вырашэння актуальнага крызісу Святы Пасад лічыць абавязковым, каб дэманстранты выказвалі свае патрабаванні мірным шляхам. Таксама неабходна, каб органы кіравання праяўлялі стрыманасць, прыслухоўваліся да голасу сваіх грамадзян, заставаліся адкрытымі на іх справядлівыя памкненні, гарантуючы поўную павагу да іх грамадзянскіх правоў і правоў чалавека», — сказаў ватыканскі дыпламат.

«Апостальская Сталіца, жадаючы мірнага і хуткага вырашэння актуальнай напружанасці, застаецца адкрытай на любыя далейшыя дыскусіі, якія могуць прынесці неабходны мір»,

— гэтымі словамі завяршыў сваё выступленне прадстаўнік Святога Пасаду.

Абноўлена 24.09.2020 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа