Папа Францішак напісаў прадмову да кнігі Per un sapere della pace («На карысць навукі аб міры»). Кніга была падрыхтавана выкладчыкам Папскага тэалагічнага інстытута па вывучэнні сужэнства і сям’і імя Яна Паўла ІІ Джыльфрэдо Марэнга.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў пра вялікую патрэбу ў міратворцах, якую мае сучасны свет, што пакутуе ад «фрагментарнай сусветнай вайны».
«На жаль, мы павінны прызнаць, што свет дагэтуль занураны ў атмасферу вайны і ўзаемнага насілля.
Гэтая балючая рэчаіснасць не толькі патрабуе заклікаў да міру, але амаль прымушае нас задаць сабе важныя пытанні», — напісаў ён.
Святы Айцец патлумачыў, што гэтыя пытанні датычацца ў першую чаргу прычын насілля ў глабалізаваным і ўзаемазалежным свеце; нецярпімасці, страху і агрэсіі ў адносінах да людзей, якія адрозніваюцца ад нас; прычын, па якіх улады імкнуцца здабыць давер сваіх грамадзян праз ваенныя дзеянні.
Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што адказы на гэтыя пытанні не могуць быць агульнымі і паспешлівымі. Для іх патрэбнае грунтоўнае вывучэнне праблем, інвеставанне ў навуку і выхаванне моладзі. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на важнасць спецыяльнага фармацыйнага курса для міратворцаў, які існуе ў Папскім латэранскім універсітэце.
Яго ўзнікненне грунтуецца на перакананасці ў тым, што Касцёл павінен удзельнічаць у «вырашэнні праблем, якія датычацца міру, згоды, навакольнага асяроддзя, абароны жыцця, чалавечых і грамадзянскіх правоў».
Папа асаблівым чынам падкрэсліў важнасць укладу ўніверсітэцкіх асяродкаў у спрыянне міру і культурнаму абнаўленню, якога патрабуе свет. Гэты выклік датычыцца таксама Касцёла, які, дзякуючы сваёй сетцы ўніверсітэтаў, можа зрабіць фундаментальны ўклад, прапануючы закваску, соль і святло Евангелля Езуса Хрыста і жывой Традыцыі Касцёла, заўсёды адкрытай на новыя сцэнарыі і новыя прапановы.
Паводле Святога Айца, каталіцкія навучальныя ўстановы павінны фармаваць добрых міратворцаў, якія развіваюцца ў поглядзе на свет і гісторыю, даюць рэалістычныя прапановы, застаюцца ўважлівымі да знакаў часу, дзейнічаюць з сапраўднай евангельскай праніклівасцю.
«Мы па-сапраўднаму патрабуем людзей, добра падрыхтаваных і надзеленых усім неабходным для таго, каб чытаць і інтэрпрэтаваць дынаміку сацыяльных, эканамічных і палітычных працэсаў нашага часу»,
— напісаў Папа.
Пакліканне свецкіх вернікаў — гэта, на думку Пантыфіка, любоў у сям’і, палітыцы і соцыуме, канкрэтныя ініцыятывы на карысць новага грамадства, евангелізацыя свету, пашырэнне міру, згоды, справядлівасці, правоў чалавека, міласэрнасці, і гэта ўсё з’яўляецца будаваннем Божага Валадарства.