Кангрэгацыя Веравучэння абнародавала дактрынальнае ўдакладненне адносна недапушчальнасці адвольных відазмяненняў трынітарнай формулы хросту: «Я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына, і Духа Святога».
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент «Аб змяненні сакрамэнтальнай формулы хросту», зацверджаны Папам Францішкам сёлета 8 чэрвеня і афіцыйна абнародаваны 6 жніўня, быў распрацаваны ў адказ на звесткі пра выпадкі ўжывання падчас хросту змененай формулы, накшталт «Мы цябе хрысцім у імя Айца і Сына, і Духа Святога» або «Ад імя таты і мамы, хроснага і хроснай, дзядуляў і бабуль, родных, сяброў, ад імя супольнасці мы цябе хрысцім у імя Айца і Сына, і Духа Святога».
У дакуменце сцвярджаецца, што сакрамэнт хросту, удзелены з выкарыстаннем адвольна змененых формул, з’яўляецца несапраўдным, а ўсе, хто яго атрымаў у такім выглядзе, павінны паўтарыць абрад паводле літургічных нормаў, зацверджаных Касцёлам.
У дакуменце адзначаецца, што «наўмыснае змяненне сакрамэнтальнай формулы» тлумачылася жаданнем «падкрэсліць аб’яднальную каштоўнасць хросту, паказаць удзел сям’і і прысутных і пазбегнуць ідэі сканцэнтравання сакрамэнтальнай улады ў асобе святара, на шкоду бацькоў і супольнасці».
Мела месца і душпастырскае абгрунтаванне «сумніўнага характару», якое «часта хавала, нават і несвядома, схільнасць да суб’ектывізму і жаданне маніпулявання».
На самой жа справе, нагадвае дакумент, спасылаючыся на Канстытуцыю аб святой Літургіі Sacrosantum Concilium Другога Ватыканскага Сабору, «калі нехта ўдзяляе хрост, то хрысціць сам Хрыстус» (SC 7), гэта Ён з’яўляецца «галоўнай Асобай дзеяння, якое цэлебруецца». Канечне, у цэлебрацыі «бацькі, хросныя і ўся супольнасць пакліканы выконваць актыўную ролю, сапраўдную літургічную паслугу», аднак гэта, згодна з саборным дакументам, падразумявае, што «кожны, духоўны ці свецкі, выконваючы свой абавязак, павінен рабіць выключна і цалкам тое, што датычыць яго паводле самой прыроды прадмета і літургічных нормаў (SC 28)».
Другі Ватыканскі Сабор, следам за Трыдэнцкім Саборам, пастанавіў, што «нікому іншаму, нават калі гэта святар, нельга самастойна нічога дадаваць, адымаць ці змяняць у Літургіі» (SC 22).
«Змяненне па ўласнай ініцыятыве формы ўдзялення сакрамэнту з’яўляецца не проста літургічным злоўжываннем, як у выпадку парушэння зацверджанай нормы, але ранай, нанесенай адначасова касцёльнай супольнасці і распазнавальнасці дзеяння Хрыста, што ў найбольш сур’ёзных выпадках робіць несапраўдным сам сакрамэнт, таму што прырода літургічнага дзеяння патрабуе вернай перадачы таго, што было атрымана», перасцерагае Кангрэгацыя Веравучэння.
Падчас удзялення сакрамэнтаў супольнасць вернікаў дзейнічае «не калегіяльна», а «міністэрыяльна», «паколькі ніводная група не можа быць сама па сабе Касцёлам, але становіцца Касцёлам дзякуючы пакліканню, якое не можа ўзнікнуць унутры самой супольнасці».
Цэлебрант, у сваю чаргу, «не кажа як службовая асоба, якая выконвае ўскладзеную на яе ролю, але дзейнічае міністэрыяльна як прысутны знак Хрыста, які дзейнічае ў Яго Целе, дорачы сваю ласку».
У гэтым святле трэба разумець трыдэнцкі наказ адносна неабходнасці таго, каб духоўная асоба мела намер здзейсніць тое, што здзяйсняе Касцёл: намер, які не можа заставацца «толькі на ўнутраным узроўні», падлягаючы рызыцы суб’ектывізму, але выяўляецца таксама ў «знешнім дзеянні», якое ажыццяўляецца «не ад уласнага імя, але ў асобе Хрыста», тлумачыць дакумент.
Падкрэсліваецца, што скажаць сакрамэнтальную формулу — значыць не разумець саму прыроду касцёльнага служэння, якое заўсёды ёсць службай Богу і Яго народу. «Такім чынам, у кожным распарадчыку хросту павінны быць укаранёныя не толькі ўсведамленне абавязку дзейнічаць у касцёльным адзінстве, але і перакананасць, характэрная, паводле св. Аўгустына, Прадвесніку, які «зразумеў, што ў Хрысце заключана такая ўласцівасць, якая чыніць, што, нягледзячы на мноства служыцеляў, святых або грэшнікаў, якія ўдзяляюць хрост, святасць хросту суадносіцца выключна з Тым, пра якога было сказана: “Той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым” (Ян 1, 33)».
Такім чынам, распарадчык хросту не толькі не мае паўнамоцтваў выкарыстоўваць сакрамэнтальную формулу па ўласным меркаванні, але таксама не можа казаць, што ўдзяляе сакрамэнт ад імя бацькоў, родных, сяброў ці ўсёй супольнасці вернікаў.
Змяненне формулы хросту супярэчыць прыродзе касцёльнага служэння, бо ўспрымаецца не як служэнне, а як улада, здольная маніпуляваць тым, што было даручана Касцёлу, падсумоўвае Кангрэгацыя Веравучэння.
У 2008 г. Кангрэгацыя Веравучэння ўжо адказвала на два пытанні адносна сапраўднасці абрадаў хросту, праведзеных з выкарыстаннем адвольна змененых формул: «Я хрышчу цябе ў імя Стварыцеля і Адкупіцеля, і Асвяціцеля» і «Я хрышчу цябе ў імя Стварыцеля і Вызваліцеля, і Суцяшальніка».
Пазіцыя Кангрэгацыі была нязменнай: такі хрост з’яўляецца несапраўдным, а ўсе ахрышчаныя паводле такіх формул павінны паўтарыць абрад паводле літургічных нормаў.