Пошук

15.07.2020 12:54   Паводле: КАІ / Catholic.by
Пій V / wikipedia.org

14 ліпеня 1570 года Пій V выдаў Апостальскую канстытуцыю Quo primum, якая ўводзіла адзіны абрад святой Імшы, які з гэтага часу абавязваў «ва ўсе часы» ва ўсім Каталіцкім Касцёле.

Як адзначае агенцтва КАІ, гэты дакумент, які называўся таксама булай, быў адказам на скіраваную да Папы Трыдэнцкім Саборам (1545-63) просьбу нанава выдаць святыя кнігі, а менавіта Катэхізіс, Імшал і Брэвіярый.

Пачынаючы з XV ст., больш увагі стала звяртацца на знешнюю форму цэлебрацыі святой Імшы, на захаванне звязанага з ёю акрэсленага парадку. Важна было таксама падкрэсліць значэнне яе сімвалаў, асабліва ў часы рэфармацыі, калі пратэстанты здзяйснялі свае набажэнствы максімальна спрошчаным спосабам і Касцёл хацеў падкрэсліць багацце Імшы, у тым ліку ў яе знешніх праявах.

Да гэтага не было адзіных прадпісанняў цэлебрацыі Імшы.

На гэтыя праблемы звярнуў увагу Трыдэнцкі Сабор, скліканы менавіта з мэтай упарадкавання, а таксама пацвярджэння традыцыйнага вучэння Касцёла. Адказваючы на просьбу айцоў Сабору, Пій V пасля стараннага даследавання справы і кансультацый з самымі знакамітымі спецыялістамі таго часу абвясціў сваю Апостальскую канстытуцыю.

Гэта вельмі доўгі дакумент, у якім часта сустракаюцца розныя загады і забароны, а таксама пагрозы касцёльных пакаранняў у выпадку невыканання словаў Папы. Галоўнай думкай з’яўляецца імкненне да максімальнага прывядзення да адзінства абрадаў (рытуалу), каб ва ўсім Касцёле, нават у самых аддаленых кутках свету, Імша цэлебравалася аднолькавым чынам.

Пій V дапускаў выключэнне толькі там, дзе практыка іншай цэлебрацыі Імшы мела больш чым 200-гадовую традыцыю.

Але і там новы Імшал павінен быў выкарыстоўвацца, калі такія супольнасці прыйдуць да высновы, што ён ім больш адпавядае. Папа прадугледжваў таксама суровыя пакаранні за невыкананне гэтых правіл, асабліва ў дачыненні да друкарняў, якія будуць выдаваць новы Імшал з дэфектамі і памылкамі.

Новы Рымскі Імшал быў з таго часу адзіны для ўсяго Касцёла. Імша цэлебравалася на лаціне ва ўсіх краінах, і толькі фрагменты Святога Пісання можна было чытаць і прамаўляць гаміліі на мове дадзенага народу.

Імша пачыналася дыялогам (безумоўна, па-лацінску) паміж святаром і міністрантам, які прадстаўляў Божы народ. Найважнейшай часткай літургіі быў Канон, падчас якога адбывалася перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.

Святар цэлебраваў Імшу, стоячы спінай да вернікаў і паварочваючыся да іх некалькі разоў з некаторымі заклікамі, а міністранты значна часцей, чым сёння, выкарыстоўвалі званочкі.

Дзякуючы таму, што Папа дапускаў захаванне старажытных Імшалаў і абрадаў у тых мясцовых Касцёлах, дзе яны існавалі як мінімум 200 гадоў, да нашага часу ў Касцёле захаваліся такія рытуалы, як амбразіянскі, браганскі і іншыя.

Пій V адышоў у вечнасць у 1572 г., быў беатыфікаваны ў 1672 г., а кананізаваны ў 1712.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця