Пошук

09.07.2020 17:06   Паводле: Vatican News
Фота La Croix

8 ліпеня ў Рэгенсбургу (Германія) прайшло пахаванне ксяндза Георга Ратцынгера, брата Бэнэдыкта XVI. Падчас цырымоніі быў прачытаны ліст Папы-эмерыта, адрасаваны біскупу Рэгенсбурга Рудольфу Фодэрхольцэру.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць усім, хто прыйшоў правесці яго брата ў апошні шлях, а таксама ўсім, хто суправаджаў яго — бачным і нябачным чынам — на працягу апошніх тыдняў.

Папа на пенсіі нагадаў, што Георг Ратцынгер сумясціў пакліканне да святарства з пакліканнем да музыкі. Ён нагадаў таксама, што кіраванне хорам Regensburger Domspatzen прыносіла яго брату шмат радасці, але было і крыніцай цярпенняў, паколькі яму даводзілася сустракацца з варожасцю і адчужэннем, асабліва на самым пачатку служэння.

Тым не менш Георг Ратцынгер стаў сапраўдным бацькам для мноства маладых людзей, якія і далей заставаліся побач з ім з удзячнасцю.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што яго брат быў вясёлым і камунікабельным, меў пачуццё гумару, радаваўся добрым дарам стварэння, але пры гэтым быў чалавекам надзвычай прамым і адкрыта выказваў свае меркаванні. Папа-эмерыт узгадаў, што Георг Ратцынгер больш за 20 гадоў правёў у амаль поўнай слепаце. Гэта было для яго вельмі цяжкім выпрабаваннем, але ён прымаў яго і пераадольваў у душы.

«Ён заўсёды быў Божым чалавекам… Хоць і не выстаўляў напаказ сваю рэлігійнасць, цэнтрам яго жыцця была стрыманасць і сумленнасць», — напісаў Папа на пенсіі.

Напрыканцы паслання Бэнэдыкт XVI падзякаваў усім, дзякуючы каму стаў магчымы яго візіт у Германію. Ён прызнаўся, што Георг Ратцынгер не прасіў яго прыехаць і ён накіраваўся туды па ўласнай ініцыятыве, ведаючы, што прыйшоў час.

Развітваючыся, браты ведалі, што гэта іх апошняя сустрэча ў гэтым жыцці.

«Але мы ведалі таксама, што добры Бог, які падарыў нам гэтую сувязь на зямлі, пануе і ў іншым свеце, і Ён адорыць нас новай сувяззю. Дзякуй, дарагі Георг, за тое, што ты для мяне зрабіў, за тое, што мне даў», — напісаў Папа-эмерыт.

Ксёндз Георг Ратцынгер адышоў у вечнасць 1 ліпеня ў 96-гадовым узросце. Бэнэдыкт XVI здзейсніў візіт у Германію, каб адведаць яго, у сярэдзіне чэрвеня.

Абноўлена 09.07.2020 17:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа