Не дазволім дабрабыту і багаццям аддаліць нашы сэрцы ад Бога, напоўніць іх крывадушнасцю і абыякавасцю да крыкаў аб дапамозе, — заклікаў Святы Айцец. 8 ліпеня ён узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома святой Марты з нагоды сёмай гадавіны свайго падарожжа на Лампедузу.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым візітам ён хацеў звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на сітуацыю мігрантаў і бежанцаў, а таксама выказаць салідарнасць з людзьмі, вымушанымі пакідаць родную зямлю па прычыне войнаў, пераследу, беднасці і голаду.
У гаміліі пастыр паўсюднага Касцёла спаслаўся на словы рэспансарыйнага псальму, які прагучаў падчас Літургіі слова: «Шукайце Пана і Яго моцы, шукайце заўсёды Яго аблічча» (Пс 104, 4). Пошук аблічча Пана — гэта «залог нашага паспяховага пілігрымавання па гэтай зямлі», пілігрымавання ў кірунку Абяцанай зямлі, нябеснай Айчыны, сказаў ён.
Народ Ізраэля, пра які гаворыцца ў першым літургічным чытанні з Кнігі прарока Осіі (10, 1-12), у тыя часы згубіў з поля зроку гэту зямлю і блукаў па «пустыні беззаконня».
Дабрабыт і багацці аддалілі сэрцы ізраільцян ад Бога, напоўніўшы іх крывадушнасцю і несправядлівасцю.
Тое самае здараецца з намі, хрысціянамі: культура дабрабыту прымушае жыць нібыта ў «мыльнай бурбалцы», думаць толькі пра сябе і быць абыякавымі да крыкаў аб дапамозе, адзначыў Папа. Гэтая культура вядзе да сапраўднай «глабалізацыі абыякавасці». Прарок Осія заклікае да пакаяння, заклікае скіраваць наш позірк на Пана і ўбачыць Яго аблічча, падкрэсліў Святы Айцец.
Ласку сузірання аблічча Пана атрымалі дванаццаць апосталаў, пра што распавядае літургічны евангельскі ўрывак (Мц 10, 1-7). Але асабістая сустрэча з Панам Езусам магчымая і для кожнага з нас, вучняў трэцяга тысячагоддзя. Мы можам бачыць Яго аблічча ў абліччах бедных, хворых, пакінутых і чужынцаў, якіх сустракаем на сваім шляху, заўважыў Папа.
Гаворачы пра лёс тысяч мігрантаў, Святы Айцец нагадаў словы з Евангелля паводле Мацвея: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Папа падкрэсліў, што гэта гучыць як папярэджанне для нас сёння, і заклікаў зрабіць рахунак сумлення на падставе гэтых слоў Езуса.
Пантыфік узгадаў пра шматлікія злоўжыванні ў Эфіопіі, пра катаванні ў лагерах для бежанцаў у Лівіі, пра ахвяр насілля, ахвярамі якога становяцца мігранты, пра іх ратаванне ці, наадварот, тыя выпадкі, калі іх не прымаюць.
Папа завяршыў гамілію малітвай да Маці Божай — Solacium migrantium (Суцяшэнне мігрантаў), каб дапамагла нам распазнаць аблічча Яе Сына ва ўсіх братах і сёстрах, вымушаных уцякаць з роднай зямлі па прычыне шматлікіх беззаконняў, ад якіх пакутуе наш свет.