Напрыканцы верасня эксперты Moneyval дадуць ацэнку мерам па барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму ў структурах Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.
Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. «Гаворка ідзе пра надзвычайна важную падзею для ватыканскай сістэмы», — сказаў у інтэрв’ю Vatican News старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан Кармэло Барбагала.
«Ацэнка Moneyval будзе тычыцца нарматыўнай базы ў сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, а таксама яе практычнага дзеяння», — патлумачыў ён.
Старшыня ведамства выказаў упэўненасць, што ватыканская фінансавая сістэма добра падрыхтуецца да праверкі і зможа прадэманстраваць поспехі, дасягнутыя ў сферы кантролю, а таксама перадумовы, закладзеныя для іх умацавання.
Барбагала распавёў, што актыўная дзейнасць па ўмацаванні Бюро фінансавай інфармацыі, якая праводзілася цягам апошніх месяцаў, можа завяршыцца ў бліжэйшы час.
Кульмінацыяй гэтага працэсу павінна стаць прыняцце новага Статута і першага Унутранага рэгламенту структуры.
Абнаўленне Статута дазволіць правесці перагляд унутранай арганізацыі, каб забяспечыць больш эфектыўную дзейнасць розных падраздяленняў ватыканскага ведамства.
Прадугледжваецца таксама змена назвы структуры: з «Бюро фінансавай інфармацыі» на «Бюро па наглядзе і фінансавай інфармацыі». Такім чынам, будуць падкрэслены дзве галоўныя сферы дзейнасці Бюро, якое з’яўляецца не толькі фінансавай разведкай, але таксама ажыццяўляе кантроль і рэгуляванне, адзначыў Кармэло Барбагала.
Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан займаецца наглядам і фінансавай разведкай для папярэджання і барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму.
Структура была заснавана Бэнэдыктам XVI у 2010 г.