30 чэрвеня Папа скіраваў пасланне да членаў амерыканскай Асацыяцыі каталіцкай прэсы з нагоды форуму Catholic Media Conference, які па прычыне пандэміі сёлета адбыўся ў віртуальным фармаце.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што актуальная сітуацыя паказала важнасць СМІ для спрыяння адзінству, скарачэнню дыстанцый, забеспячэння патрэбнай інфармацыяй і адкрыцця розуму і сэрцаў людзей на праўду.
«Сёння нашы грамадствы маюць патрэбу ў газетах, радыё, тэлебачанні і сацыяльных медыя, каб дзяліцца, камунікаваць, інфармаваць і яднацца», — дадаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што дэвіз, змешчаны на гербе ЗША — E pluribus unum («Са шматлікіх — адзінае»), — павінен натхняць таксама работнікаў сферы масавай камунікацыі.
Гэтая патрэба з’яўляецца асабліва неадкладнай у нашыя дні, у эпоху, пазначаную канфліктамі і палярызацыяй, ад якой, здаецца, не абаронена ніводная каталіцкая супольнасць.
«Нам патрэбныя СМІ, здольныя будаваць масты, абараняць жыццё, разбураць муры, бачныя і нябачныя, якія перашкаджаюць шчыраму дыялогу і сапраўднай камунікацыі паміж людзьмі і супольнасцямі. Нам патрэбныя СМІ, здольныя дапамагаць людзям, асабліва моладзі, адрозніваць дабро ад зла, выпрацоўваць карэктныя суджэнні, пабудаваныя на празрыстым і поўным прадстаўленні фактаў, разумець важнасць працы на карысць справядлівасці, грамадскай згоды і павагі да супольнага дома. Нам патрэбныя прынцыповыя людзі, якія будуць бараніць камунікацыю ад усяго таго, што можа яе скажаць і падпарадкоўваць іншым мэтам», — напісаў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што яго заклік датычыць як вялікіх, так і малых СМІ.
Ён заўважыў, што ў камунікацыі важная не толькі прафесійная кампетэнтнасць, але і ўменне прысвячаць усяго сябе дабру іншых людзей і быць носьбітамі праўды паслання, якое перадаём.
Папа запэўніў журналістаў у малітве аб дарах мудрасці, разумення і добрай рады, якія паходзяць ад Святога Духа. «Толькі позірк Духа дазваляе нам не замыкаць вачэй перад тымі, хто пакутуе, і шукаць сапраўднага дабра ўсіх. Толькі з такім позіркам мы можам плённа працаваць на карысць перамогі над хваробай расізму, несправядлівасці і абыякавасці, якія скажаюць аблічча нашай агульнай сям’і. Дзякуючы сваёй адданасці і штодзённай працы, вы можаце дапамагчы іншым глядзець на сітуацыі і людзей вачыма Духа», — падкрэсліў Святы Айцец.