Пошук

15.06.2020 09:18   Паводле: Vatican News
Фота: Тelepacenews.it

13 чэрвеня было абнародавана пасланне Папы Францішка на IV Сусветны дзень бедных, тэмай якога сталі словы з Кнігі Мудрасці Сіраха: «Працягні руку тваю да беднага» (Сір 7, 32).

Як інфармуе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у ім Папа нагадвае, што ў старажытнай мудрасці Сіраха знаходзяцца ўказанні для шматлікіх жыццёвых сітуацый, сярод якіх беднасць, «якая заўсёды набывае розныя абліччы» і з’яўляецца месцам магчымай сустрэчы з Езусам Хрыстом. У сітуацыі нястачы трэба мець давер да Бога і праз малітву ўмацоўваць блізкія адносіны з Ім.

«Пастаянны зварот да Бога не адрывае нашых вачэй ад канкрэтнага чалавека, а нааварот: гэтыя дзве рэчы непарыўна звязаны.

Малітва да Бога і салідарнасць з беднымі і тымі, хто пакутуе, — нераздзельныя», — сцвярджае Святы Айцец.

Пантыфік заклікае прысвячаць асабісты час дапамозе бедным, ахвяроўваць прыватнымі інтарэсамі, рабіць па-спраўднаму плённымі душпастырскія і сацыяльныя праекты. Важна не займацца самалюбаваннем і не ставіць сябе на першае месца. Мы не можам адчуваць сябе «у парадку», калі хоць адзін член чалавечай сям’і пакінуты на ўзбочыне і ператварыўся ў цень, зазначае пастыр паўсюднага Касцёла.

«Маўклівы крык шматлікіх бедных павінен падштурхнуць Божы народ быць на перадавой, заўсёды і паўсюль, каб даваць ім голас, бараніць іх і салідарызавацца з імі перад абліччам розных формаў крывадушнасці і шматлікіх няспоўненых абяцанняў, а таксама для таго, каб заахвочваць іх да ўдзелу ў жыцці грамадства», — піша Святы Айцец.

Папа Францішак нагадвае, што хрысціяне асаблівым чынам пакліканыя клапаціцца пра агульнае дабро, даваць добрае сведчанне, дзяліцца тым, што маюць, імкнучыся не забывацца ні пра каго з тых, чыя чалавечнасць была прыніжана праз пазбаўленне іх самага неабходнага. Ён заклікае да «жэстаў, якія надаюць сэнс жыццю», якія запальваюць надзею і падштурхоўваюць выходзіць за прывычныя рамкі.

Гаворачы пра сітуацыю, выкліканую пандэміяй каранавірусу, Святы Айцец звяртае ўвагу на гераічную і самаахвярную працу медыкаў, санітарных работнікаў, аптэкараў, валанцёраў, святароў — людзей, якія працягнулі свае рукі бедным і хворым.

«Усе гэтыя рукі кінулі выклік заразе і страху, каб несці падтрымку і суцяшэнне», — піша ён. Папа заклікае штодзённа практыкавацца ў міласэрнасці, «пачынаючы з усведамлення таго, наколькі мы самі, у першую чаргу, маем патрэбу ў руцэ, працягнутай да нас».

Пантыфік заўважае, што пандэмія прымусіла людзей сустрэцца з пачуццём абмежавання свабоды, страты блізкіх, працы, адчуваннем страху, а таксама таго, наколькі важнай з’яўляецца прастата і скіраванне вачэй на самае галоўнае. Пандэмія дапамагла адчуць патрэбу ў «новым братэрстве».

«Цяжкія эканамічныя, фінансавыя і палітычныя крызісы не прамінуць, пакуль мы будзем дазваляць спаць летаргічным сном адказнасці, якую кожны павінен адчуваць за бліжняга і кожнага чалавека», — падкрэслівае Папа Францішак.

Ён заўважае, што не заўсёды людзі працягваюць руку, каб дапамагчы беднаму. Некаторыя працягваюць рукі, каб перамяшчаць грошы з адной часткі свету ў другую, «выклікаючы галечу і крах цэлых краін». Ёсць рукі, што гандлююць зброяй, якую «іншыя рукі, у тым ліку рукі дзяцей, будуць выкарыстоўваюць, каб сеяць смерць і беднасць». Ёсць рукі, які перадаюць смяротныя дозы, каб узбагачацца і жыць у раскошы; ёсць рукі, якія «устанаўліваюць законы, але самі іх не прытрымліваюцца».

«Мы не можам супакоіцца, пакуль рукі, якія сеюць смерць, не пераменяцца ў прыладу справядлівасці і міра для ўсяго свету», — гаворыць Папа. Ён заклікае заўсёды памятаць пра заканчэнне і мэту нашага жыцця, якой павінна быць толькі любоў.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Папам Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года, якая сёлета прыпадае 15 лістапада.

Абноўлена 15.06.2020 09:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа