Пошук

09.06.2020 16:04   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота forbes.com

9 чэрвеня Папа Францішак заснаваў фонд Gesù Divino Lavoratore (Езус Боскі Работнік), мэта якога — падтрымка людзей, якія адчуваюць сур’ёзныя фінансавыя цяжкасці ў выніку пандэміі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пачатковы капітал фонда склаў 1 мільён еўра, якія ахвяраваў Папа. Ён заклікаў жыхароў Рыма і духавенства Рымскай дыяцэзіі са шчодрасцю падтрымаць ініцыятыву сваімі ахвяраваннямі і ўчынкамі на карысць людзей, якія засталіся без працы і стабільнага заробку.

«Мы бачым, што шмат людзей просіць дапамогі і, здаецца, “пяці хлябоў і дзвюх рыб” не будзе дастаткова», — падкрэсліў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на дабрачынныя ініцыятывы, у межах якіх вялікая колькасць людзей «закасвае рукавы», дапамагаючы слабым, падтрымлівае хворых і бедных, дэманструе салідарнасць з медыкамі.

Папа перакананы, што гэтыя дзеянні з’яўляюцца не проста мімалётным праяўленнем эмоцый; яны сведчаць пра жаданне жыхароў італьянскай сталіцы ствараць супольнасць і разам працаваць на карысць агульнага дабра.

Пантыфік прызнаўся, што хоча падтрымаць годнасць людзей, якія панеслі самыя цяжкія страты падчас пандэміі, рызыкуюць застацца без апекі дзяржаўных органаў, маюць патрэбу ў падтрымцы, каб затым вярнуцца да нармальнага жыцця.

Святы Айцец мае на ўвазе людзей без стабільнай працы, тых, якім не аднавілі кантракты, якія працавалі пагадзінна або праходзілі стажыроўку, а таксама хатніх работнікаў, дробных прадпрымальнікаў, самазанятых, у першую чаргу ў тых сектарах, якія найбольш пацярпелі.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў асаблівую ўвагу на «многіх бацькаў і маці, якія цяжка змагаюцца, каб пракарміць сваіх дзяцей і забяспечыць іх неабходным мінімумам».

Папа падкрэсліў, што вырашыў заснаваць дабрачынны фонд, каб нагадаць пра годнасць працы.

Ён хоча, каб гэта стала нагодай для сапраўднага збліжэння супольнасці Рыма, дзе «кожны будзе адчуваць сябе галоўнай дзеючай асобай у справе адраджэння грамадства пасля крызісу».

«Заклікаю ўсе ўстановы і нашых суграмадзян шчыра дзяліцца тым, што маюць, у гэты надзвычайны перыяд, калі існуе мноства патрэбаў. Звяртаюся да добрых сэрцаў усіх жыхароў Рыма, заклікаючы памятаць, што ў гэты час не дастаткова дзяліцца толькі нечым сімвалічным», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік заклікаў у духу салідарнасці прабачыць даўгі, спыніць судовыя цяжбы, аддаць перавагу даўжнікам, а не рынку.

«Запрашаю святароў нашай дыяцэзіі стаць першымі, хто зробіць унёсак у фонд і падтрымае энтузіязм дзялення ў сваіх супольнасцях.

Няхай ласка штодзённага дзялення хлебам у Эўхарыстыі падштурхоўвае “рабіць тое ж” у адносінах да нашых братоў і сясцёр»,

— дадаў Святы Айцец.

Абноўлена 09.06.2020 16:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа