31 мая Папа Францішак благаславіў і перадаў машыну хуткай дапамогі ў дар бяздомным. Цяпер спецтранспарт будзе абслугоўваць толькі людзей у патрэбе, якія начуюць вакол Ватыкана.
Пра гэта са спасылкай на Папскую элемазінарыю (установу дабрачыннасці) паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Такім чынам Святы Айцец праявіў клопат пра бяздомных у Рыме. Ён асабіста благаславіў «хуткую» з ватыканскім нумарным знакам, перададзеную Губернатаратам.
Спецтранспарт — гэта чарговы сродак у шэрагу тых, якія Папа Францішак сістэматычна аддае «ў распараджэнне» бяздомных Рыма. Ужо працуе мабільны медыцынскі пункт, арыентаваны на дапамогу і медыцынскае абслугоўванне бедных у прыгарадзе Вечнага горада.
Акрамя таго, у каланадзе плошчы Святога Пятра, у былым памяшканні Ватыканскай пошты, па загадзе Пантыфіка створана амбулаторыя для людзей, якія не маюць права на лячэнне ў Італіі. Яна дзейнічала нават тады, калі базыліка і плошча былі зачыненыя з прычыны пандэміі.