Пошук

19.05.2020 11:10   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Войтэк Ляскі / East News

Незадоўга да 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ яго наступнік на пасадзе святога Пятра Бэнэдыкт XVI скіраваў адмысловы ліст польскаму епіскапату, у якім дзеліцца асабістым сведчаннем пра асобу свайго папярэдніка і тлумачыць, чаму лічыць яго «Вялікім».

Ліст Папы на пенсіі быў прэзентаваны 15 мая ў арцыбіскупскім палацы ў Кракаве. У мерапрыемстве ўзяў удзел Кракаўскі Мітрапаліт на пенсіі кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар і найбліжэйшы супрацоўнік Вялікага Папы.

Менавіта па просьбе кардынала Дзівіша Бэнэдыкт XVI напісаў ліст «На стагоддзе з дня нараджэння святога Папы Яна Паўла ІІ 18 мая 2020 года», які польскія СМІ ўжо назвалі «гістарычным». У дакуменце, датаваным 4 мая, наступнік Папы-славяніна напачатку ўзгадвае маладыя гады Караля Вайтылы ў Польшчы. Пры гэтым ён падкрэслівае, што да святарскага пасвячэння будучы Папа рыхтаваўся «не толькі па кніжках, але таксама перажываючы канкрэтныя складаныя абставіны, у якіх знаходзіўся ён сам і яго краіна».

Бэнэдыкт XVI звяртае ўвагу на тое, што гэта характарызуе ўсё жыццё і дзейнасць Яна Паўла ІІ: ён вывучае кнігі, але закранутыя ў іх пытанні становяцца зместам таго, што ён перажывае і глыбока адчувае.

На думку Бэнэдыкта XVI, школай усяго жыцця і працы яго папярэдніка быў Другі Ватыканскі Сабор. «Узнікаюць узнёслыя пытанні, перадусім звязаныя з так званай „13-й схемай“ — пазней Канстытуцыяй Gaudium et spes, — якія становяцца яго асабістымі пытаннямі. Выпрацаваныя Саборам адказы падказалі яму шлях яго працы як біскупа, а пазней як Папы», — піша Папа Ратцынгер.

Ён зазначае, што калі кардынал Вайтыла 16 кастрычніка 1978 года быў абраны Наступнікам святога Пятра, Касцёл знаходзіўся ў драматычным становішчы. Паводле аўтара ліста, саборныя абмеркаванні імкнуліся прадставіць шырокаму грамадству як дыскусіі пра сутнасць веры, якая такім чынам магла ўспрымацца як пазбаўленая свайго характару беспамылковай і непарушнай упэўненасці. Ён таксама крытычна гаворыць пра некаторыя спосабы ажыццяўлення літургічнай рэформы, пры якіх «лічылася, што таксама ў літургіі ўсё можна рабіць самастойна».

Папа на пенсіі сцвярджае, што «Павел VI энергічна і рашуча давёў Сабор да канца, аднак пасля яго завяршэння сутыкаўся з усё больш цяжкімі праблемамі, якія ў рэшце рэшт паставілі пад пытанне сам Касцёл. Сацыёлагі параўноўвалі тагачаснае становішча Касцёла з сітуацыяй у Савецкім Саюзе пад кіраўніцтвам Гарбачова, калі ў працэсе пошуку неабходных рэформ урэшце распаўся ўвесь магутны вобраз савецкай дзяржавы.

Такім чынам, новага Папу чакала, па сутнасці, заданне па-чалавечы амаль невыканальнае», — лічыць Бэнэдыкт XVI.

А між тым новы Папа «выклікаў новае захапленне Хрыстом і Яго Касцёлам», выразам чаго стаў заклік на пачатку яго пантыфікату: «Не бойцеся! Адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту!»

«Такі тон быў уласцівы ўсяму яго пантыфікату і зрабіў яго вызвольным аднавіцелем Касцёла. Гэта адбылося дзякуючы таму, што новы Папа паходзіў з краіны, у якой Сабор успрымаўся станоўча. Вырашальным было не сумненне ва ўсім, а радаснае аднаўленне ўсяго», — зазначае аўтар ліста.

Узгадваючы 104 апостальскіх падарожжы па свеце, падчас якіх Ян Павел ІІ абвяшчаў Евангелле як радасную Навіну і такім чынам даваў сведчанне абавязку выбіраць дабро і Хрыста, а таксама 14 яго энцыклік, у якіх ён па-новаму паказваў веру Касцёла і яго чалавечае вучэнне, Бэнэдыкт XVI адзначае, што гэтым ён выклікаў непазбежны супраціў у Касцёлах на Захадзе, «якія былі поўныя сумніваў».

Жадаючы паказаць сапраўдны цэнтр, з перспектывы якога неабходна успрымаць вучэнне Яна Паўла ІІ, яго наступнік бачыць яго ў пасланні Божай Міласэрнасці, якое кракаўская законніца Фаўстына Кавальская прадставіла як сутнасць усёй хрысціянскай веры і жадала ўстанаўлення свята ў яе гонар.

Нягледзячы на супраціў Кангрэгацыі Веравучэння, Ян Павел ІІ устанавіў гэтае свята ў так званую «Белую Нядзелю».

«Калі Ян Павел ІІ выпусціў апошні ўздых на гэтым свеце, быў акурат момант пасля першых Нешпараў свята Божай Міласэрнасці. Гэта апрамяніла хвіліну яго смерці: святло Божай Міласэрнасці заззяла над яго кананнем як пасланне, якое дае моц», — піша Папа на пенсіі.

Ён звяртае асаблівую ўвагу на тое «ўнутранае адзінства паслання Яна Паўла ІІ і асноўных намераў Папы Францішка», падкрэсліваючы пры гэтым, што, насуперак меркаванням, якія час ад часу сустракаюцца, Ян Павел ІІ не быў жорсткім маралістам.

«Паказваючы істотнае значэнне Божай Міласэрнасці, ён дае нам магчымасць прыняць маральныя патрабаванні, якія ставяцца перад людзьмі, нягледзячы на тое, што чалавек ніколі не будзе ў стане ў поўнай меры іх выканаць. Нашыя маральныя высілкі мы робім у святле Божай Міласэрнасці, якое для нашай слабасці становіцца аздараўляльнай моцай», — тлумачыць Бэнэдыкт XVI.

Гаворачы пра эпітэт «Вялікі», ужыты ім у адносінах да святога Яна Паўла ІІ, яго наступнік на папскім пасадзе тлумачыць, што слова «святы» паказвае на Божае вымярэнне, а «Вялікі» — на чалавечае. У святасці важна адмовіцца ад уласнай велічы, дазволіць Богу дзейнічаць у сабе і такім чынам даваць сведчанне пра дзеянне і моц Бога. Святы — гэта чалавек, прасякнуты Богам.

«Святы — гэта той, хто не засяроджвае ўвагі на сабе, а дазваляе нам бачыць і пазнаваць Бога», — лічыць Бэнэдыкт XVI. Па яго словах, святы Ян Павел ІІ становіцца перад намі як айцец, які паказвае нам міласэрнасць і дабрыню Бога.

Разам з тым, тытул «вялікі», які ў гісторыі папства прыняты толькі ў адносінах да двух Папаў — Льва І (440–461 гг.) і Грыгорыя І (590–604 гг.), «у абодвух выпадках носіць палітычнае адценне, але ў тым сэнсе, што дзякуючы палітычным поспехам становіцца бачным штосьці з таямніцы самога Бога». Леў Вялікі «без зброі, без вайсковай і палітычнай улады моцаю сваёй упэўненай веры здолеў пагрозлівага тырана» правадыра гунаў Атылу пераканаць не знішчаць Рым. Грыгорый І, у сваю чаргу, змог некалькі разоў уратаваць Рым ад лангабардаў. Абодва гэтыя Папы далі доказ таго, што ў барацьбе з уладай перамагае дух.

«Калі мы параўноўваем гісторыю гэтых двух Папаў з гісторыяй Яна Паўла ІІ, бачым бясспрэчнае падабенства.

Таксама Ян Павел ІІ не меў у сваім распараджэнні ніякай вайсковай сілы ані палітычнай улады. <…> Аднак моц веры аказалася той сілай, якая ў рэшце рэшт у 1989 годзе парушыла раўнавагу савецкай сістэмы сілы і дала магчымасць новаму пачатку. Няма сумнення ў тым, што вера Папы была істотным элементам у змене балансу сіл. І з упэўненасцю тут відаць таксама гэтая веліч, якая праявілася ў выпадку Льва І і Грыгорыя І», — сцвярджае Папа на пенсіі. Разам з тым ён пакідае адкрытым пытанне адносна таго, ці ў выпадку Яна Паўла ІІ «эпітэт „вялікі“ прымецца, ці не».

«Праўда тое, што ў Яне Паўле ІІ усім нам сталі бачныя моц і дабрыня Бога. У час, калі Касцёл зноў церпіць ад нападаў зла, ён для нас з’яўляецца знакам надзеі і суцяшэння», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Свой ліст ён завяршае кароткім малітоўным заклікам: «Дарагі святы Яне Паўле ІІ, маліся за нас!»

Абноўлена 19.05.2020 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця