Пошук

19.05.2020 09:59   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў абнародавала дэкрэт аб уключэнні ўспаміну святой Фаўстыны Кавальскай у Агульны Рымскі каляндар, які рэгламентуе ўрачыстасці, святы і ўспаміны ва ўсім Касцёле рымскага абраду.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, неабавязковы ўспамін будзе адзначацца штогод 5 кастрычніка — у дзень адыходу святой Фаўстыны ў вечнасць.

У дадатку да ватыканскага дакумента былі апублікаваны тэксты на лацінскай мове для літургічных кніг — календара, Імшала і Літургіі гадзінаў.

Дэкрэт пачынаецца словамі з Песні Марыі: «І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца» (Лк 1, 50). «Тое, што Панна Марыя апявала ў гімне Magnificat, сузіраючы збаўчую справу Бога на карысць кожнага пакалення людзей, знайшло рэха ў духоўным досведзе святой Фаўстыны Кавальскай, якая, дзякуючы нябеснаму дару, убачыла ў Пану Езусе Хрысце міласэрнае аблічча Айца і стала яго пасланніцай», — гаворыцца ў дакуменце.

Нагадваецца, што св. Фаўстына нарадзілася ў 1905 г. у польскім мястэчку Глаговец, непадалёк ад Лодзі, а памерла ў Кракаве ў 1938 г. Свае маладыя гады правяла ў кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, «са шчодрасцю прысвячаючы сябе пакліканню, атрыманаму ад Бога, і сталеючы ў духоўным жыцці, багатым містычнымі дарамі, застаючыся вернай ім».

Пра справу, якую Бог учыніў у ёй на карысць усіх, святая напісала ў «Дзённіку» сваёй душы, якая стала «санктуарыем сустрэчы з Езусам Хрыстом».

Яна дала натхненне руху, скіраванаму на абвяшчэнне Божай Міласэрнасці і малітву аб ёй для ўсяго свету», — падкрэсліваецца ў дэкрэце.

Адзначаецца, што пасля кананізацыі Фаўстыны Кавальскай, якую ў 2000 г. здзейсніў св. Ян Павел ІІ, яе імя стала вядомым ва ўсім свеце, «спрыяючы сярод усіх членаў Божага народа, пастыраў і свецкіх вернікаў, малітве аб Божай міласэрнасці і пераканаўчаму сведчанню пра яе».

Папа Францішак прыняў рашэнне аб уключэнні ўспаміну св. Фаўстыны Кавальскай у Агульны Рымскі каляндар з увагі на шматлікія просьбы, якія паступалі ад пастыраў, кансэкраваных асобаў, аб’яднанняў свецкіх вернікаў, а таксама беручы пад увагу вялікі ўплыў духоўнасці гэтай святой у розных частках свету.

Абноўлена 19.05.2020 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця