Пошук

13.04.2023 12:21   Паводле: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Перад Вялікаднем, які сёлета ў Касцёле адзначаўся 9 красавіка, выйшаў з друку новы нумар часопіса Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Ave Maria» (№ 4 (337) 2023).

Ніжэй пададзены кароткі агляд матэрыялаў нумара, размешчаны на сайце выдання ave-maria.by.

«Я даю табе тры спосабы ажыццяўлення міласэрнасці да бліжніх, — сказаў Езус святой Фаўстыне Кавальскай. — Першы — учынак, другі — слова, трэці — малітва». Пра гэты наказ нагадала чытачам рэдактар часопіса «Ave Maria» Крыстына Лялько ў сваіх успамінах пра карпатлівую і няпростую працу над перакладам «Дзённіка» сястры Фаўстыны на беларускую мову (артыкул «Міласэрнасць — гэта квет любові»).

Рэдакцыя адзначае, што красавіцкі нумар часопіса прысвечаны менавіта згаданым тром спосабам праяўлення міласэрнасці, якія даў Езус.

Пра любоў да бліжняга як абавязак кожнага верніка глыбока разважаў Папа Бэнэдыкт XVI. Урывак з яго энцыклікі Deus caritas est — «Бог ёсць любоў» — друкуецца на пачатку нумара пад загалоўкам «Caritas як абавязак Касцёла». У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD на падставе прыпавесці пра міласэрнага айца і марнатраўнага сына ўздымае праблему прабачэння, таму што «ўменне прабачаць — гэта нялёгкая справа», і «чалавеку хутчэй прабачыць Бог, чым іншыя людзі, нават самыя блізкія» (артыкул «Уменне прабачаць»).

«Любоў праз учынкі — вялікае заданне Касцёла», — пад такою назваю друкуецца інтэрв’ю Паліны Грыб з Вольгай Лабуць, намеснікам дырэктара Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У гутарцы распавядаецца пра найважнейшыя кірункі працы гэтай рэлігійнай місіі і звяртаецца ўвага на тое, як кожны з нас асабіста можа спрычыніцца да канкрэтнай дапамогі людзям, што знаходзяцца ў патрэбе.

Малітва — гэта момант асабістай сустрэчы чалавека з Богам, а значыць, з самою Любоўю. Як адказаць на гэтую Любоў? Як быць самім сабою перад ёю?

Да медытацыі над гэтымі пытаннямі запрашае сястра Паўла Эва Бобер MSF у матэрыяле «Мой адказ на любоў Бога» пад рубрыкай «Старонка псіхолага».

Парадаксальную праўду пра Божую Любоў і Міласэрнасць адкрываюць словы Вяночка да Божай Міласэрнасці, пра паходжанне і змест якога распавядае ксёндз Андрэй Рылка ў артыкуле «Таямніца і парадокс Вяночка да Божай Міласэрнасці» (рубрыка «Святар адказвае на пытанне»).

У часопісе таксама змешчана «Літанія да святой сястры Фаўстыны», апосталкі Божай Міласэрнасці, якой Пан Езус прадыктаваў словы Вяночка, папрасіўшы шырока распаўсюджваць яго сярод людзей.

Чытач знойдзе ў новым нумары таксама іншыя матэрыялы пастаянных аўтараў: ксяндза Кірыла Бардонава (рубрыка «Старонка касцёльнага суддзі»), Галіны Калевіч, Паліны Грыб, Язэпа Янушкевіча, Ірыны Багдановіч, Дануты Бічэль, Віктара Ведзеня, а таксама шчырыя сведчанні саміх чытачоў.

Абноўлена 13.04.2023 12:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа