Пошук

18.05.2020 11:47   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: L’Osservatore Romano

Малітва, адкрыты Касцёл, экалогія, сям’я, хрысціянскі фемінізм, дэмакратыя, якая будуецца на каштоўнасцях, мудры патрыятызм — гэта, на думку айца Мацея Зембы ОР, некаторыя з галоўных урокаў, якія святы Ян Павел ІІ пакінуў нам.

Вядомы дамініканін і сябра Вялікага Папы ў матэрыяле Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ заахвочвае, каб 100-я гадавіна нараджэння святога была нагодай паразважаць над гэтымі ўрокамі.

Святар прапануе 10 урокаў Яна Паўла ІІ, якія ён пакінуў на працягу 27 гадоў свайго пантыфікату.

Яны і сёння з’яўляюцца важнымі ўказальнікамі не толькі для веруючых, але і для тых, хто ў пошуку, для ўсіх людзей добрай волі па-над існуючымі падзеламі.

1. Малітва

Фота: L’Osservatore Romano

Першы ўрок Яна Паўла ІІ — урок малітвы.

Варта ўзгадаць, напрыклад, малітву Літургіі гадзінаў, якую ён прамовіў у катэдры ў Вавелі ў 2002 г. падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, молячыся ў цішыні некалькі дзясяткаў хвілін.

Тады Папа зламаў усе межы ўсталяванага часу: ніколі тэлебачанне на транслявала настолькі доўгай малітвы ў цішыні.

А ў тым жа месцы ў 1997 г. падчас кананізацыі каралевы Ядвігі ён сказаў: «Вучыцеся ў школе святой Ядвігі, для якой усялякае дзеянне вынікала з малітвы перад вавельскім чорным укрыжаваннем». Ён адзначаў, што яе «глыбокая мудрасць і шырокая актыўнасць паходзілі з сузірання — з асабістай сувязі з Укрыжаваным».

2. Бескарыслівы дар самога сябе

Ян Павел ІІ у клініцы Джэмэллі пасля замаху. Ліпень 1981 г. Фота: EPA / ANSA

Другі ўрок святога — указанне, што паўнатой чалавечнасці з’яўляецца «бескарыслівы дар самога сябе».

Гэта надзвычай актуальнае ўказанне на сённяшні складаны час, калі мы павінны старацца быць дарам для іншых, таксама і праз малітву.

Але, нягледзячы на ізаляцыю, выкліканую пандэміяй, мы ўсё яшчэ маем мноства магчымасцяў дзейнічаць і дзяліцца з іншымі, у тым ліку і ў вірутальнай прасторы.

Мы можам дзяліцца часам, сваімі ўменнямі і талентамі, дзяліцца таксама і грашыма. Бо можна, напрыклад, зрабіць пакупкі для пажылога чалавека, і гэта ўжо нешта добрае. Але можна дадаць да гэтага цёплую запіску, калі немагчыма з ім сустрэцца. А гэта змяняе якасць нашага дзеяння.

3. Быць чалавекам сумлення

Фота: КЕР

Трэці ўрок, які трэба ў гэты цяжкі час нагадаць, — заклік Яна Паўла ІІ быць чалавекам сумлення.

Гэта азначае, што мы павінны вучыцца таму, каб умець пераадольваць свае ваганні і страхі, каб быць верным праўдзе і дабру, а таксама несці дабро іншым людзям. Ян Павел ІІ нагадваў нам пра гэта шматразова, а найбольш сцісла выклаў гэта ў 1987 г. у Гданьску, кажучы:

«Кожны знаходзіць у жыцці нейкую слушную справу, за якую нельга не змагацца, нейкі абавязак, патрэбу, ад якой нельга ўхіліцца, нельга дэзерціраваць». Сёння гэты заклік вельмі актуальны.

4. Сям’я: любіць і быць любімым

Фота Артуро Мары / CNS

Чацвёрты ўрок — гэта ўрок сямейнага жыцця.

Для Яна Паўла ІІ найважнейшым і фундаментальным месцам выхавання нашай чалавечнасці з’яўляецца сям’я. Гэта месца, як ён напісаў у адной з энцыклік, дзе чалавек вучыцца «любіць і быць любімым, а гэта значыць быць асобай».

Сёння ў нас нашмат больш часу, каб быць з блізкімі, выкарыстаем яго, каб вучыцца іх любіць і, што не менш важна, быць любімымі.

Гэта заданне на кожны час, але сёння ўспрымем яго як своеасаблівы «знак часу», часу без спешкі, які ў нас зараз ёсць. Раней мы спяшаліся, нам не хапала часу для блізкіх. Мы хваляваліся, што не маем яго нават для найбліжэйшых, бо столькі спраў у нас было запланавана. Сёння будзем вучыцца любіць і быць любімымі.

5. Хрысціянскі фемінізм

Фота: Рinterest.ca

Пяты ўрок Яна Паўла ІІ — хрысціянскі фемінізм. Фемінізм сёння з’яўляецца важнай тэмай, але часта памылкова інтэрпрэтуецца.

У сваю чаргу Ян Павел ІІ прапануе адказ глыбокі і па-хрысціянску рэалістычны.

Ён кажа, што мы не толькі павінны змагацца за лічбы, каб паўсюль было па 50% жанчын і мужчын, але зразумець, што пол — гэта дар Пана Бога і вялікая каштоўнасць.

Таму варта цаніць жаноцкасць і мужнасць, паказваючы, як яны могуць прыгожа дапаўняць адно аднаго і супрацоўнічаць.

Але трэба памятаць пра тысячагоддзі несправядлівага мужчынскага дамінавання. Таму Ян Павел ІІ адзначаў, што важна перабудаваць культуру, дзе да гэтага часу дамінавала патрыярхальная мадэль, на культуру, дзе ў паўнаце можна ацаніць, як ён называў гэта, «геній жанчыны». Гэта азначае «роўнасць у годнасці», адсюль таксама роўнасць ва ўсіх прававых, палітычных і эканамічных сістэмах.

Але ў фемінізме, які разумеецца так, не менш важна цаніць прыгажосць, вагу і значэнне сужэнства і мацярынства. Важна разумець, што яны з’яўляюцца вялікім і незаменным дарам, незвычайнай школай узрастання ў любові і адорвання ёю іншых.

6. Экалогія

Фота: Followingstfrancis.com

Шосты ўрок — экалогія, невымерна важны элемент навучання Яна Паўла ІІ, які паўтараецца на працягу дзясяткаў гадоў.

Папа, аднак, тлумачыў, што крыніца памылковай экалогіі ў адносінах да асяроддзя — «памылковая чалавечая экалогія».

Ён заклікаў, што найперш мы павінны клапаціцца пра чалавечую экалогію, бо празмернае спажыванне, жорсткае стаўленне да прыроды і эксплуатацыя маюць карані ў чалавечым сэрцы.

Каб ратаваць прыроду, мы павінны найперш перабудаваць «чалавечую экалогію», а гэта сфера адукацыі, культуры, СМІ, а таксама палітыкі і эканомікі. З клопату пра «чалавечую экалогію» натуральным чынам будзе вынікаць наша мудрае, глыбокае і доўгатэрміновае стаўленне да прыроды — як дару, даверанага нам Богам. І ўся наша цывілізацыя павінна засвоіць гэты ўрок.

7. Сучасныя арэапагі

Фота: CNS

Сёмы ўрок Яна Паўла ІІ — «сучасныя арэапагі», ці вялізная прастора культуры, палітыкі і эканомікі, дзе павінна прысутнічаць хрысціянскае сведчанне.

Прыгадваю сустрэчы ў Кастэль Гандольфа, куды самыя выбітныя розумы свету, філосафы, сацыёлагі, фізікі, юрысты, гісторыкі і іншыя дзеячы, людзі вельмі розных прафесій, прыязджалі, каб супольна ў дыялогу шукаць праўды. Ян Павел ІІ быў сярод іх, гэта ён натхняў і падтрымліваў гэты супольны пошук праўды прастэстантамі і католікамі, праваслаўнымі і юдэямі, а таксама няверуючымі.

Таму і сёння хрысціяне, дзеячы культуры і навукі, уключаныя ў жыццё эканамічнае і палітычнае, павінны не баяцца тых, хто думае інакш, але, як святы Павел, ісці на арэапагі, у асяроддзі складаныя і часта да нас непрыхільныя, і быць там сведкамі Хрыста.

Але, што важна, узорам тут з’яўляецца святы Павел — з глыбокім разуменнем навакольнага свету, яго культуры і механізмаў эканомікі, палітыкі. Іншымі словамі, каб быць сапраўдным сведкам, трэба рабіць гэта з належнай кампетэнтнасцю.

З гэтым звязаны заклік пераўтварэння эканамічнага жыцця. Папа тлумачыў, што эканоміка — не самарэгулявальная і аўтаномная галіна, што ў ёй павінна прысутнічаць таксама этычнае вымярэнне. У сваю чаргу, кожнае эканамічнае рашэнне мае таксама сваё этычнае вымярэнне. Аксіёмай сучаснасці было перакананне, што эканоміка сама найлепшым чынам сябе рэгулюе і маральнасць непатрэбная. Адзіным крытэрыем стала імкненне да ўсё хутчэйшага росту і ўсё большага прыбытку.

Аднак Ян Павел ІІ вучыў, што эканоміка — твор чалавечай культуры і ад нас залежыць, ці будзе яна чалавечай або антычалавечай.

8. Дэмакратыя на аснове каштоўнасцяў

Фота: Wordpress.com

Восьмы ўрок — будаванне дэмакратыі на аснове каштоўнасцяў.

Дэмакратыя — гэта не толькі добрыя прававыя акты, добрая канстытуцыя і магчымасць галасавання для грамадзян.

Ядром дэмакратыі, як вучыў Ян Павел ІІ, з’яўляецца homo democraticus — чалавек дэмакратычны. А гэта чалавек, які свядома і дабравольна будуе супольнае дабро, якое служыць усёй супольнасці.

Ён перасцерагаў, што дэмакратыя без каштоўнасцяў лёгка ператвараецца ў яўны або схаваны таталітарызм. І гэта праўда. Бо самі рашэнні большасці не азначаюць аўтаматычна справядлівага і добрага ладу. Толькі справядлівыя і добрыя людзі будуюць справядлівую і добрую дэмакратыю.

Таму аднаўленне і падтрымка маральнага фундаменту дэмакратыі — рэч вельмі важная, каб дэмакратыя магла вытрываць і служыць супольнаму дабру ўсіх грамадзян.

9. Адкрыты Касцёл

Фота: National Catholic Register

Дзявяты ўрок — тэма, якая сустракаецца ў Яна Паўла ІІ, пачынаючы ад яго праграмнай энцыклікі Redemptor hominis («Адкупіцель чалавека»), — самасвядомасць адкрытага Касцёла.

Ён тлумачыў, што любоў да Касцёла, веданне яго навучання павінны быць не толькі справай тэалогаў ці святароў, але што кожны хрысціянін павінен мець свядомасць глыбокай касцёльнай сувязі.

І менавіта з гэтай глыбокай укаранёнасці ў Касцёле вынікае адкрытасць, жаданне сустрэчы ў дыялогу з людзьмі іншых канфесій, рэлігій ці з няверуючымі.

Ян Павел ІІ заўсёды тлумачыў, што Касцёл павінен быць адкрытым, бо Касцёл закрыты ператвараецца ў музей, становіцца карыкатурай каталіцтва — паўсюднасці і ўніверсальнасці, фундаменту, на якім пабудаваў яго Хрыстус. Ён адзначаў, што Касцёл па сваёй прыродзе павінен выходзіць у свет, павінен разумець сучаснага чалавека, бо «чалавек — дарога Касцёла».

10. Mудры патрыятызм

Фота: Gosc.pl

Дзясяты ўрок — тэма, якая прагучала асабліва тады, калі Ян Павел ІІ прыбыў у Польшчу з першай пілігрымкай у 1979 г.

Тады ён казаў, што просіць нас «гэтую духоўную спадчыну, імя якой Польшча, яшчэ раз прыняць з верай, надзеяй і любоўю». На працягу ўсяго часу свайго пантыфікату ён вучыў глыбокаму, мудраму і адкрытаму патрыятызму.

Зрэшты, гэта была тэма, якая спадарожнічала Каралю Вайтылу яшчэ з дзяцінства, потым тады, калі ён быў маладым святаром, Мітрапалітам Кракаўскім, а таксама падчас пантыфікату, да апошняй яго кнігі «Памяць і самасвядомасць», апублікаванай незадоўга да смерці.

Ян Павел ІІ паказваў нам значэнне любові да сям’і, малой радзімы і праз вялікую Бацькаўшчыну — да ўсяго чалавецтва.

Ён, аднак, заўсёды падкрэсліваў, што ў гэтым парадку надзвычай важна любіць сваю краіну, яе культуру, будаваць супольнасць салідарнасці.

Абноўлена 18.05.2020 15:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа