Сучаснае грамадства фармулюе «антыхрысціянскае крэда» і карае тых, хто супраціўляецца яму, «сацыяльным адлучэннем», піша Бэнэдыкт XVI у сваёй новай біяграфіі, апублікаванай у Германіі 4 мая.
Як паведамляе агенцтва CNA, у вялікім інтэрв’ю ў канцы 1184-старонкавай кнігі нямецкага пісьменніка Петэра Зеевальда Папа на пенсіі адзначыў, што самай вялікай пагрозай, якая стаіць перад Касцёлам, была «сусветная дыктатура ўяўнай гуманістычнай ідэалогіі».
Бэнэдыкт XVI адказаў на пытанне аб тым, што ён меў на ўвазе падчас сваёй інаўгурацыі ў 2005 г., калі заклікаў католікаў маліцца за яго, «каб я не збег з-за страху перад ваўкамі». Ён сказаў Зеевальду, што не меў на ўвазе ўнутраныя касцёльныя справы, такія, як скандал, названы ў прэсе „Vatileaks“, які прывёў да асуджэння яго камердынера Паоло Габрыэле за крадзеж канфідэнцыйных дакументаў Ватыкана. Папа на пенсіі сказаў: «Канечне, такія пытанні, як „Vatileaks“, абуральныя і, перш за ўсё, незразумелыя і надзвычай трывожныя для людзей ва ўсім свеце».
«Але рэальная пагроза Касцёлу і, такім чынам, служэнню святога Пятра заключаецца не ў гэтых рэчах, а ў сусветнай дыктатуры ўяўных гуманістычных ідэалогій, і супярэчыць ім — гэта выключэнне з асноўнага сацыяльнага кансенсусу»,
— дадаў ён.
«Сто гадоў таму ўсе лічылі б абсурдным казаць пра гомасексуальныя шлюбы. Сёння той, хто выступае супраць гэтага, адлучаны ад грамадства. Тое самае датычыцца абортаў і вытворчасці людзей у лабараторыі», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.
Па яго словах, сучаснае грамадства знаходзіцца ў працэсе фармулявання «антыхрысціянскага веравучэння», а супраціўленне яму караецца сацыяльнай экскамунікай. Таму «страх перад гэтай духоўнай сілай антыхрыста вельмі натуральны, і для таго, каб супрацьстаяць яму, неабходныя малітвы ўсёй дыяцэзіі і паўсюднага Касцёла».
Біяграфія, выдадзеная мюнхенскім выдавецтвам Droemer Knaur, даступная цяпер толькі на нямецкай мове. 17 лістапада ў ЗША будзе апублікаваны пераклад на англійскую мову «Біяграфія Бэнэдыкта XVI: Том першы».
У інтэрв'ю Папа на пенсіі пацвердзіў, што напісаў духоўны тэстамэнт, які можа быць апублікаваны пасля яго смерці, як было ў выпадку Яна Паўла ІІ.
Бэнэдыкт XVI дадаў, што вельмі прыемна ўзгадвае сваю першую сустрэчу з новаабраным Папам Францішкам у Кастэль Гандольфа і што яго асабістае сяброўства з яго наступнікам працягвае расці.
Петэр Зеевальд зрабіў чатыры інтэрв'ю з Бэнэдыктам XVI у кніжным фармаце. Першае, «Соль Зямлі», было апублікавана ў 1997 г., калі будучы Папа быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. Потым былі «Бог і свет» у 2002 г. і «Святло свету» ў 2010 г. У 2016 г. Зеевальд апублікаваў «Апошні запавет», дзе Бэнэдыкт XVI разважаў пра сваё рашэнне сысці ў адстаўку.