29 красавіка ў Ватыкане адбылася агульная аўдыенцыя Папы Францішка, на якой ён прамовіў апошнюю катэхезу з цыклу, прысвечанага евангельскім благаслаўленням.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэмай катэхезы сталі словы Езуса з Нагорнага казання: «Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 10).
«Убогасць духам, засмучанасць, лагоднасць, прага святасці, міласэрнасць, чыстасць сэрца і будаванне міру могуць прывесці да пераследу за Хрыста, але гэты пераслед стане прычынай радасці і вялікай узнагароды на Нябёсах. Сцежка благаслаўленняў — гэта пасхальны шлях, які вядзе ад мірскога да Божага жыцця, ад жыцця паводле цела — гэта значыць ад эгаізму — да жыцця паводле Духа», — сцвердзіў Пантыфік.
Папа зазначыў, што свет, са сваімі ідаламі, кампрамісамі і прыярытэтамі, не можа пагадзіцца з існаваннем такога роду жыцця.
«Структуры граху», часта створаныя чалавечым інтэлектам, настолькі чужыя Духу, што не могуць не адмаўляць беднасць, лагоднасць і чыстасць. Таму яны называюць жыццё паводле Евангелля памылкай і праблемай, ад якой трэба пазбавіцца.
«Калі свет жыве дзеля грошай, людзі, якія паказваюць, што жыццё можа рэалізавацца ў дары і ахвярнасці, становяцца перашкодай для сістэмы прагнасці. Слова “перашкода” тут ключавое, бо ўжо само хрысціянскае сведчанне, якое робіць шмат дабра людзям, што ідуць за ім, перашкаджае тым, хто мае мірское мысленне, бо ўспрымаюць яго як папрок», — звярнуў увагу Папа.
«Калі з’яўляецца святасць і пачынае ззяць жыццё Божых дзяцей, у гэтай прыгажосці прысутнічае штосьці нязручнае, што заклікае да заняцця пазіцыі: ці крытычна паглядзець на сябе і адкрыцца на дабро, ці адмовіцца ад святла і зрабіць сэрца каменным, аж да супраціву і лютасці», — дадаў ён.
Пантыфік заўважыў, што драма пераследу з’яўляецца таксама месцам вызвалення ад падпарадкаванасці поспеху, славалюбства і кампрамісаў са светам.
«Чаму радуецца той, хто адмовіўся ад свету дзеля Хрыста? — Ён радуецца, бо знайшоў нешта больш каштоўнае за ўвесь свет. Сапраўды, “якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю?” (Мк 8, 36)», — нагадаў евангельскія словы пастыр паўсюднага Касцёла.
«Балюча прыгадваць, што ў наш час шмат хрысціян пакутуюць ад пераследу ў многіх частках свету, і мы павінны спадзявацца і маліцца, каб іх пакутам як мага хутчэй наступіў канец. Сёння мучанікаў больш, чым у першыя стагоддзі. Выкажам нашу блізкасць гэтым братам і сёстрам: мы ўсе з’яўляемся адным целам, а гэтыя хрысціяне — скрываўленыя члены цела Хрыста, якім ёсць Касцёл», — дадаў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў быць пільнымі, каб не ўспрымаць апошняе благаслаўленне ў святле жалю да сябе. Ён заўважыў, што пагарда з боку людзей не заўсёды сінонім пераследу. Езус называў хрысціян «соллю зямлю» і папярэджваў пра небяспеку «страты смаку», бо ў такім выпадку соль «ужо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям» (Мц 5, 13).
«Існуе і такая пагарда, прычынай якой з’яўляемся мы самі, калі губляем смак Хрыста і Евангелля»,
— папярэдзіў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў «быць вернымі пакорнаму шляху благаслаўленняў, бо ён вядзе да прыналежнасці Хрысту, а не свету». «Адчужэнне і пераслед, калі Бог адорвае нас ласкай, робяць нас падобнымі на ўкрыжаванага Хрыста і, злучаючы нас з Яго мукай, становяцца аб’яўленнем новага жыцця. Гэта жыццё — жыццё Хрыста, які дзеля нас людзей і нашага збаўлення быў “зняважаны, адрынуты людзьмі” (Іс 53, 3; Дз 8, 30–35). Прыняцце Яго Духа можа прывесці нас да такой вялікай любові ў нашых сэрцах, што мы ахвяруем сваё жыццё за свет, не пагаджаючыся на кампрамісы з яго ілюзіямі, але прымаючы яго адчужэнне», — сцвердзіў Папа.
Напрыканцы катэхезы ён нагадаў, што «кампрамісы са светам з’яўляюцца небяспечнымі». Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў не апускаць рукі, калі паслядоўнае жыццё Евангеллем прыцягвае пераслед, бо на гэтым шляху нас заўсёды суправаджае і суцяшае Езус, а сіла Духа Святога дапамагае ісці наперад.