6 красавіка споўнілася 500 гадоў з дня смерці Рафаэля, мастака эпохі Адраджэння. Музеі Ватыкана павінны былі распачаць апошні этап рэстаўрацыі рафаэлеўскіх залаў, аднак адноўленыя фрэскі застаюцца далей утоенымі ад грамадскасці пасля таго, як у сувязі з абмежаваннямі з-за каранавірусу музеі зачынілі месяц таму. Тым не менш Ватыкан заахвочвае здзяйсняць віртуальныя музейныя візіты, каб «нават на адлегласці захапляцца прыгажосцю мастацтва Рафаэля».
Мастацтвазнаўца Элізабэт Леў падзялілася з CNA парадамі для вернікаў, якія хочуць паглядзець творы Рафаэля падчас карантыну.
«Рафаэль стварыў вельмі магутныя алтарныя творы і, у некаторых выпадках, нават новыя тыпы іканаграфіі, асабліва ў Мадонне Фоліньё і яго пано святой Цэцыліі ў Балоньі. Ён нанава адкрыў "святую размову", якая ўяўляе сабой абраз, дзе святыя вядуць дыялог з Марыяй і Езусам, запрашаючы гледачоў да вялікай малітвы і сузірання», — сказала яна.
Музеі Ватыкана прапануюць віртуальную экскурсію па залах Рафаэля з 360-градусным позіркам.
Папа Юлій II замовіў Рафаэлю афармленне чатырох пакояў у Апостальскім палацы, якія складалі частку папскіх апартаментаў.
Фрэску Афінскай школы, якая змяшчае Платона побач з Арыстоцелем, можна паглядзець у зале Сігнатуры разам з выявамі кардынала і тэалагічных цнотаў.
Зала Канстанціна была апошняй з рафаэлеўскіх залаў, якія прайшлі рэстаўрацыю, праект якой пачаўся ў 1980-х гг. Віртуальны тур па зале Канстанціна паказвае карціны хросту Канстанціна, аб’яўленне Крыжа і бітвы на Мільвійскім мосце да рэстаўрацыі.
Адзін пакой у Пінакатэцы Музеяў Ватыкана, або карціннай галерэі, прадстаўляе каранаванне Панны Марыі, Мадонну Фоліньё і Перамяненне Пана.
«У гэты вельмі незвычайны тыдзень я прапанавала б паразважаць пра "Перамяненне" Рафаэля, напісанае непасрэдна перад яго смерцю і змешчанае на яго магіле падчас яго пахавання,
— адзначае Элізабэт. — У гэтай працы Рафаэль малюе дзве розныя вобласці, ніжнюю частку, дзе апосталы спрабуюць ацаліць хлопчыка, апантанага дэманамі (пар. Мк 9, 17-29), а затым верхнюю, дзе Езус адкрывае Сябе Пятру, Якубу і Яну і дзе Бог Айцец аб'яўляе: "Гэта Сын Мой умілаваны. Яго слухайце”».
«Людзі баяцца і збітыя з толку, спрабуючы кантраляваць тое, што яны не могуць, і змагаюцца бессэнсоўна ў ценю. Але, падняўшы свой позірк, вы бачыце Езуса. Усё падпарадкавана Яму, і Ён з'яўляецца дынамічным, магутным святлом, якое можа адштурхнуць надыходзячую цемру. Які натхняльны спосаб для нас, каб уявіць Езуса ў гэтыя цёмныя дні», -— дадала яна.
Элізабэт таксама рэкамендуе паглядзець абразы Рафаэля Мадонны і Дзіцяці, такія, як Alba Madonna ў Нацыянальнай галерэі ў Вашынгтоне.
«Гэта былі невялікія рэлігійныя працы, прызначаныя для разважання ў доме, яны адпавядаюць усім нам, хто цяпер прывязаны да дома,
— сказала яна. — Ён зрабіў бясконцыя варыяцыі на іх, так што ёсць нешта для ўсіх — версіі, дзе Юзаф бароніць, а таксама іншыя, дзе маладыя Ян і Езус гарэзнічаюць».
Нарадзіўся Рафаэль у 1483 годзе ва Урбіно (Італія), працаваў у Рыме з 1508 па 1520 год, служачы Папам Юлію II і Льву X. Памёр ва ўзросце 37 гадоў у Вялікую пятніцу 6 красавіка 1520 года. Пахаваны ў Пантэоне, які быў асвячаны як базыліка Святой Марыі і мучанікаў.
Раней у гэтым годзе Музеі Ватыкана на працягу аднаго тыдня таксама дэманстравалі 10 габеленаў Рафаэля ў іх першапачатковым месцы знаходжання — у Сікстынскай капэле. Габелены, заказаныя Львом X у 1515 годзе, паказваюць жыццё святых Пятра і Паўла ў Евангеллях і Дзеях Апосталаў.
Рафаэль распісваў Апостальскі палац у той жа час, калі Мікеланджэла працаваў над Сікстынскай капэлай.
Мікеланджэла быў на восем гадоў старэйшы за яго і ўжо працаваў у Сікстынскай капэле, калі Рафаэль прыехаў распісваць апартаменты Папы Юлія. Рафаэль і Мікеланджэла мелі зусім розныя погляды на мастацтва. Рафаэль быў больш падобны да Леанарда з яго элегантнымі кампазіцыямі, у той час як фігуры Мікеланджэла былі скульптурнымі і манументальнымі.
«Калі гэтыя два тытаны сутыкнуліся стылістычна, нарадзіліся найвялікшыя творы мастацтва ў свеце», — тлумачыць Элізабэт Леў.
Сікстынскую капэлу, музей Піо Клеменціна, музей К'ярамонці і іншыя можна пабачыць з дапамогай віртуальнага туру на сайце Музеяў Ватыкана.