Увечары 27 сакавіка ў двары ватыканскай базылікі святога Пятра адбылася адмысловая малітва аб выбаўленні свету ад каранавірусу, на заканчэнне якой Папа Францішак удзяліў надзвычайнае благаслаўленне Urbi et Orbi («Гораду і свету»), спалучанае з магчымасцю атрымаць поўны адпуст.
Дзякуючы прамой трансляцыі па тэлебачанні і анлайн да ўдзелу ў набажэнстве маглі далучыцца ўсе жадаючыя вернікі і людзі добрай волі.
Толькі з дапамогаю парталу Catholic.by трансляцыю набажэнства глядзелі некалькі тысяч чалавек.
Пад золкім рымскім дажджом, які імжэў над нязвыкла пустою плошчаю Святога Пятра, Святы Айцец маліўся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Тут жа, паабапал ад цэнтральнага ўваходу ў ватыканскую базыліку, былі змешчаны дзве вялікія хрысціянскія рэліквіі: цудадзейны крыж з касцёла Сан-Марчэлло-аль-Корса, які спыніў эпідэмію «Вялікай чумы» ў Рыме ў 1522 годзе, а таксама старажытная цудатворная ікона Маці Божай Снежнай Salus Populi Romani — Збаўленне рымскага народа — з базылікі Маці Божай Вялікай.
Як паведаміла пасля заканчэння набажэнства беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас малітвы быў прачытаны евангельскі ўрывак пра ўтаймаванне буры на моры (гл. Мк 4, 35–41). Каментуючы яго, Святы Айцец заўважыў, што ў гэтай сцэне сёння мы можам лёгка пазнаць сябе.
«Як апосталаў з Евангелля, нас захапіла неспадзеўкі нечаканая, раз’юшаная бура.
Мы ўсвядомілі, што знаходзімся ў адной лодцы, усе ўразлівыя і дэзарыентаваныя, але адначасова важныя і патрэбныя, пакліканыя веславаць разам, патрабуючыя ўзаемнага суцяшэння», — сказаў Папа Францішак.
Аднак чаму Езус працягваў спакойна спаць на карме — на той частцы лодкі, якая тоне першай? У чым недахоп веры Хрыстовых вучняў? У тым, перакананы Папа, што яны вырашылі, нібы Езус абыякавы да іх. Іх зварот: «Не хвалюе Цябе, што мы гінем?» (Мк 4, 38) — узрушыў Хрыста, «бо ні для каго мы не з’яўляемся настолькі важнымі, як для Яго», — дадаў Святы Айцец.
«Бура выкрывае нашую ўразлівасць і выяўляе тую ілжывую і павярхоўную ўпэўненасць, з якой мы пабудавалі нашыя справы, нашыя праекты, нашыя звычкі і прыярытэты. Яна дэманструе, што мы дазволілі сабе заснуць і пакінуць тое, што нас жывіць, падтрымлівае і дае моц нашаму жыццю і нашай супольнасці», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
«З бурай выкрыўся падман тых стэрэатыпаў, якімі мы, заўсёды занепакоеныя ўласным выглядам, прыкрывалі нашае „эга“; і адкрылася, у чарговы раз, тая (благаслаўлёная) агульная прыналежнасць, ад якой не можам пазбавіцца — братняя прыналежнасць», — сцвердзіў Пантыфік.
«„Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?“
Пане, Тваё Слова сёння кранае нас і датычыцца нас усіх. У гэтым свеце, які Ты любіш больш за нас, мы пайшлі наперад на ўсёй хуткасці, адчуваючы сябе моцнымі і здольнымі на ўсё. Прагныя да заробку, мы дазволілі, каб нас паглынулі рэчы і каб мітусня звяла нас. Мы не спыніліся перад Тваімі заклікамі, не абудзіліся перад абліччам сусветных войнаў і несправядлівасці, не паслухалі крык бедных і нашай цяжкахворай планеты. Абыякавыя, мы пайшлі далей, думаючы, што застанемся заўсёды здаровымі ў хворым свеце.
Цяпер, апынуўшыся ў бурным моры, заклікаем Цябе: „Абудзіся, Пане!“», — ад імя ўсяго чалавецтва ўзнёс малітву Папа Францішак.
Ён заўважыў, што менавіта ў часы выпрабаванняў выяўляецца ўзровень развіцця народаў, і выказаў захапленне ўсімі тымі людзьмі, якія штодня жывуць цярплівасцю і надзеяй, заклікаючы да ўзаемнай адказнасці.
Пры гэтым Папа заахвоціў усіх запрасіць Езуса ў сваё жыццё, бо «з Богам жыццё ніколі не памірае». Святы Айцец запэўніў, што ў Богу мы маем якар, штурвал і надзею.
«Абняць Яго крыж — значыць знайсці мужнасць, каб ахапіць усе супярэчнасці цяперашняга часу, на пэўны момант пакінуўшы нашую заклапочанасць усемагутнасцю і валоданнем, каб даць месца крэатыўнасці, якую толькі Дух Святы можа выклікаць. Гэта значыць знайсці мужнасць, каб адкрыць прасторы, дзе ўсе змогуць адчуць сябе пакліканымі і зрабіць магчымымі новыя формы гасціннасці, братэрства і салідарнасці», — зазначыў Святы Айцец.
Ён праз заступніцтва Марыі даручыў усіх людзей Богу, просячы аб здароўі цела і суцяшэнні сэрца:
«Пане, не пакідай нас на сваволю буры. Паўтары яшчэ раз: „Не бойцеся“ (Мц 28, 5). А мы разам з Пятром усялякі свой клопат ускладзем на Цябе, бо Ты клапоцішся пра нас (пар. 1 П 5,7)».
На заканчэнне набажэнства Святы Айцец удзяліў надзвычайнае благаслаўленне Urbi et orbi («Гораду і свету») з магчымасцю атрымання поўнага адпусту.