Пошук

20.03.2020 18:09   Паводле: Vatican News
Фота: passporthealthglobal.com

Поўны адпуст могуць атрымаць хворыя з каранавірусам, тыя, хто аказвае ім дапамогу, і ўсе вернікі свету, якія моляцца за іх. Адпаведны дэкрэт выдала 20 сакавіка Апостальская Пэнітэнцыярыя.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце нагадваецца аб магчымасці ўдзялення калектыўнага адпушчэння грахоў, без папярэдняй індывідуальнай споведзі, як надзвычайная мера ў выключна вострай сітуацыі пандэміі.

Для атрымання поўнага адпусту хворыя з каранавірусам, тыя, хто праходзіць каранцін, медыцынскія работнікі і члены сям’і, якія рызыкуюць заразіцца, дапамагаючы хворым, павінны памаліцца «Веру», «Ойча наш» і «Вітай, Марыя».

Астатнія маюць выбар паміж рознымі варыянтамі: або памаліцца ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, або правесці Эўхарыстычную адарацыю, або прынамсі паўгадзіны прысвяціць чытанню Святога Пісання ці разважанню Крыжовага шляху, або памаліцца Ружанец ці Вяночак да Божай Міласэрнасці, просячы Бога спыніць пандэмію, даць палёгку хворым і вечнае збаўленне тым, каго Пан паклікаў да сябе.

Поўны адпуст могуць атрымаць і вернікі, якія ў момант смерці не змаглі прыняць сакрамэнт хворых і Віятык: у гэтым выпадку рэкамендуецца выкарыстанне ўкрыжавання або крыжа.

Што тычыцца калектыўнага адпушчэння грахоў, святар абавязаны папярэдзіць дыяцэзіяльнага біскупа або, калі гэта не ўдалося, паведаміць яму аб факце як мага хутчэй.

Пэнітэнцыярыя просіць ацаніць неабходнасць і магчымасць стварэння на добраахвотнай аснове, там, дзе гэта неабходна, «груп надзвычайных шпітальных капеланаў», каб забяспечыць неабходную духоўную дапамогу хворым і паміраючым.

Акрамя таго, калі асобныя вернікі не маюць магчымасці прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі, нагадваецца, што дасканалы жаль, матываваны любоўю да Бога, выказаны шчырай просьбай аб прабачэнні, што суправаджаецца цвёрдым рашэннем як мага хутчэй звярнуцца да сакрамэнтальнай споведзі, вядзе да атрымання адпушчэння нават смяротных грахоў, на што ўказвае пункт 1452 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Адпуст — гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана.

Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых (П. 312, Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла).

Абноўлена 20.03.2020 18:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.