Пошук

10.03.2020 16:30   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

На пачатку сакавіка Ватыкан адкрыў архівы часу пантыфікату Папы Пія ХІІ, які працягваўся з 1939 па 1958 год, і сёння стала вядома пра першае важнае адкрыццё.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Папа Пій ХІІ рыхтаваў чарговую энцыкліку, пра што раней не было вядома. Свой дакумент Святы Айцец меў намер прысвяціць «памылкам сучаснасці», паведаміў у размове з журналістамі нямецкі гісторык з Мюнстэра Матыяс Даўфтатсхофэр. Паводле даследчыка, падчас працы ў архіве Кангрэгацыі Веравучэння ён знайшоў «ужо апрацаваныя праекты» гэтага запланаванага дакументу, прысвечанага «сучасным памылкам».

«Пій ХІІ меў намер выказацца на тры тэмы: па маральна-тэалагічных пытаннях, адносна ўлады і паслухмянасці ў Касцёле, а таксама разгледзець адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай», — адзначыў нямецкі гісторык, дадаўшы, што яшчэ занадта рана казаць пра падрабязнасці.

Цяпер неабходна дачакацца ацэнкі і сісітэматызацыі розных дакументаў, чаму перашкодзіла закрыццё архіваў з-за эпідэміі каранавірусу. Малаверагодна, што гэта атрымаецца зрабіць яшчэ да Вялікадня.

У архіве даследчык на мінулым тыдні знайшоў таксама тэксты, падрыхтаваныя для абвяшчэння Догмату пра Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — адзінага Догмату Касцёла, абвешчанага пасля прыняцця Першым Ватыканскім Саборам у 1870 годзе Догмату пра беспамылковасць Папы.

У абвешчанай 1 лістапада 1950 года Піем XII Апостальскай канстытуцыі Munificentissimus Deus («Найшчадрэйшы Бог») быў пададзены Догмат веры пра тое, што Багародзіца Дзева Марыя была з целам і душою ўзятая ў нябесную хвалу, і гэта стала выразам шматвяковага рэлігійнага пераканання вернікаў.

Усяго Пій ХІІ абвясціў 41 энцыкліку.

Апошняя з іх, Meminisse iuvat («Належыць памятаць») ад 14 ліпеня 1958 года, прысвечана малітве за Касцёл, які церпіць пераслед. За два тыдні да гэтага Пій ХІІ абвясціў энцыкліку Ad Apostolorum Principis («Да Князя Апосталаў»), прысвечаную камунізму і Касцёлу ў Кітаі.

Абноўлена 10.03.2020 17:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.