Пошук

21.02.2020 17:09   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: sib-catholic.ru

Святы Пасад адкрые для навукоўцаў архівы з перыяду пантыфікату Пія ХІІ, які прыйшоўся на Другую сусветную вайну. Цырымонія адкрыцця архіваў запланавана на 2 сакавіка.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, год таму Папа Францішак прыняў рашэнне адкрыць архівы, якія датычаць пантыфікату Пія XII — перыяду з 2 сакавіка 1939 г. па 9 кастрычніка 1958 г. Ватыканскі апостальскі архіў дасць доступ да 151 тыс. пазіцый. Гаворка ідзе ў тым ліку пра рукапісы шматлікіх выступленняў Эуджэніо Пачэлі і пра тэксты, у якія ён уласнаручна ўносіў праўкі.

«Касцёл не баіцца гісторыі. Наадварот, ён любіць яе».

Як інфармуе руская рэдакцыя Vatican News, так Папа Францішак патлумачыў сваё рашэнне адкрыць для даследчыкаў гэтыя архіўныя дакументы. Падчас аўдыенцыі супрацоўнікам Сакрэтнага архіву ватыкана Пантыфік адзначыў, што гэта было зроблена «са спакойнай душой», з упэўненасцю, што дзякуючы гістарычным даследаванням можна будзе ацаніць «моманты ўзлётаў гэтага Папы», як і «моманты сур’ёзных цяжкасцяў, пакутлівых рашэнняў, чалавечай і хрысціянскай разважлівасці».

Кіруючыся тым жа духам любові да гісторыі, Апостальскі архіў Ватыкана напярэдадні адкрыцця арганізаваў навуковы сімпозіум у рымскім Патрыстычным інстытуце «Аўгустыніянум». Сіпозіум стаў нагодай для прэзентацыі працы па падрыхтоўцы архіваў і для таго, каб паказаць аб’ём дакументаў і накрэсліць шляхі даследванняў.

Як паведаміў прэфект Апостальскага архіву біскуп Серджо Пагано, зараз усе дакументы, якія маюць дачыненне да пантыфікату Пія XII, пераведзены ў лічбавы фармат. Таму навукоўцы змогуць азнаёміцца з імі праз унутраную сетку архіву.

«Іх чаканні можна вытлумачыць, таму што пантыфікат Папы Пачэлі вельмі злабадзённы і важны.

Ён праходзіў у асаблівы момант гісторыі чалавецтва, на жаль, спустошаны і акрываўлены апошнім сусветным канфліктам, у межах усяго, што адбывалася падчас гэтага канфлікту і адразу пасля яго завяршэння.

Відавочна, што адразу на думку прыходзіць драматычнае пытанне пра Халакост, — адзначыў біскуп. — У зборах, звязаных з Папам Пачэлі, ёсць важныя дакументы аб адносінах Святога Пасаду з таталітарнымі рэжымамі, аб пагадненнях з рознымі народамі. Такім чынам, можна будзе лепш зразумець пазіцыю Папы і Святога Пасаду ў дачыненні да пэўнай рэлігійнай палітыкі, камунізму і абсалютызму».

«Таксама можна будзе даследаваць усе вялікія здзяйсненні Папы Пачэлі на дабрачынным фронце, — дадаў іерарх. — Аб гэтым я магу сведчыць ад першай асобы, паколькі я прывёў у парадак усе дакументы на тэму дзейснай міласэрнасці: больш за 8 тыс. канвертаў. Гаворка ідзе пра тысячы і тысячы дабрачынных акцый.

Уражвае тое, што Пій ХІІ атрымліваў ахвяраванні ад розных вернікаў-католікаў з усяго свету, асабліва з ЗША, і практычна ў той жа дзень неадкладна накіроўваў іх тым, хто ў гэтым больш за ўсё меў патрэбу: прыватным асобам, парафіям, сіроцкім прытулкам, бальніцам, а таксама ўніверсітэтам і навукова-даследчым інстытутам. Гэта быў сапраўдны паток грошай, які станавіўся рэчышчам яго дабрачыннасці. Практычна кожны, хто звяртаўся па дапамогу да Святога Пасаду, атрымліваў яе».

Таксама прэфект Апостальскага архіву паведаміў, што ёсць вельмі шмат дакументаў, якія пацвярджаюць працу Касцёла часоў пантыфікату гэтага Папы па выратаванні габрэяў падчас Халакосту.

«Многія дакументы ўтрымліваюць падзяку габрэйскага народа. Я кажу, канечне, пра габрэяў-нехрысціянаў, якія не змянілі веру і якія ўдзячныя Папу Пачэлі за аказаную дапамогу. Існуюць шматлікія сведчанні аб дапамозе з боку простых хрысціянаў, а таксама манаскіх інстытутаў і біскупаў, якія ратавалі гэты няшчасны народ, які зносіў жорсткі пераслед», — сказаў іерарх.

«Натуральна, існуюць і іншыя меркаванні па гэтым пытанні; з габрэйскага боку гаворыцца пра так званую праблему маўчання Пія XII, — дадаў біскуп. — Аднак у адкрытых дакументах будуць прадстаўлены і новыя, больш падрабязныя тлумачэнні. Мы ведаем гісторыю гэтага народа, які зносіў пераслед, і таму цудоўна разумеем, што габрэі чакаюць вельмі шмат ад гэтых дакументаў».

«Важна, каб вывучэнне гэтых дакументаў, як і іншых, было сумленным, аб’ектыўным, навуковым і гістарычным. І ўжо тады, канечне, кожны мае права сфарміраваць сваё меркаванне», — адзначыў прэфект Апостальскага архіву.

Абноўлена 10.03.2020 16:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця