
Папа наведае астравы Мальта і Гоцо. Пра гэтым 10 лютага паведаміла прэс-служба Святога Пасаду.
Па інфармацыі беларускай рэдакцыі парталу Vatican News, падрабязная праграма падарожжа будзе апублікавана пазней.
«Прымаючы запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Мальта, уладаў і Каталіцкага Касцёла ў краіне, 31 мая 2020 г. Яго Святасць Папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа на Мальту і Гоцо», — гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.
Папа Францішак стане трэцім Пантыфікам, які наведае Мальтыйскі архіпелаг.
Першым быў св. Ян Павел ІІ, які наведваў Мальту двойчы: у 1990 г. і 2001 г. Бэнэдыкт XVI быў на востраве з Апостальскім візітам у 2010 г.
На працягу 2019 г. Папа Францішак сустракаўся ў Ватыкане з двума прэзідэнтамі Мальты: Мары-Луізай Калейра Прэкай, прэзідэнцкі мандат якой скончыўся ў красавіку, і новаабраным мальтыйскім лідарам Джорджам Вэлам. У снежні з прыватным візітам у Ватыкане быў тагачасны прэм’ер-міністр Мальты Джозэф Мускат.
На працягу апошніх месяцаў Святы Айцец некалькі разоў высока адзначаў гасціннасць мальтыйцаў да мігрантаў і бежанцаў. Гэтай тэме былі прысвечаны сёлетнія малітоўныя разважанні на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, падрыхтаваныя міжканфесійнай групай з Мальты і Гоцо. У 2016 г. Касцёл і ўлады Мальты ахвяравалі калядную батлейку для плошчы св. Пятра, адным з элементам якіх быў човен — напамін не толькі пра традыцыйны для вострава рыбацкі промысел, але і пра сітуацыю бежанцаў, якія ў пошуках новага жыцця спрабуюць пераадолець Міжземнае мора.
Нагадаем, што матэрыялы Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, які сёлета праходзіў на тэму «Будзьма ласкавыя» (пар. Дз 28, 2), былі падрыхтаваныя хрысціянскімі Цэрквамі на Мальце і Гоцо (Хрысціяне разам на Мальце).