Пошук

26.01.2020 00:22   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 25 студзеня, калі ў Касцёле адзначаецца свята Навяртання святога апостала Паўла, якім завяршаецца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, у мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося экуменічнае набажэнства.

Набажэнству папярэднічала святая Імша ў інтэнцыі адзінства ўсіх вызнаўцаў Хрыста, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ў шостую гадавіну свайго біскупскага пасвячэння. Прамоўленую гамілію іерарх прысвяціў неабходнасці больш увагі надаваць таму, што аб’ядноўвае братоў у Хрысце, а не таму, што падзяляе людзей і супольнасці.

На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі моладзі з парафіі святога апостала Андрэя з Нарачы, якія, будучы падлеткамі, шэсць гадоў таму пачалі маліцца за біскупа Юрыя Касабуцкага, стварыўшы ў гэтай інтэнцыі групу малітоўнага руху «Маргарытка», павіншавалі іерарха з гадавінай біскупскага пасвячэння.

Адразу пасля Эўхарыстыі да алтара ва ўрачыстай працэсіі выйшлі ўдзельнікі экуменічнага набажэнства на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў была ўзята з кнігі Дзеяў апосталаў: «Будзьма ласкавыя» (пар. Дз 28, 2). Такім чынам у цэнтры разважання знаходзілася гасціннасць, шчодрасць і добразычлівасць у адносінах адно да аднаго. Адпаведныя матэрыялы былі падрыхтаваныя хрысціянскімі Цэрквамі на Мальце і Гоцо (Хрысціяне разам на Мальце).

10 лютага мальційскія хрысціяне адзначаюць свята на ўспамін караблекрушэння, у якое каля іх берагоў трапіў святы Павел. Яны ўспамінаюць абставіны, пры якіх Апостал народаў апынуўся на востраве: буру, караблекрушэнне і цуд са змяёй (гл. Дз 27, 9 – 28, 6), i дзякуюць за тое, што такім цудоўным чынам хрысціянская вера прыйшла на іх зямлю.

Невыпадкова ў чытанні са Святога Пісання на набажэнстве ішла гаворка пра небяспечнае марское падарожжа апостала Паўла.

Караблі з’яўляюцца важнай часткай жыцця жыхароў Мальты, а таксама сімвалам часам бурлівага падарожжа, якое хрысціяне супольна здзяйсняюць у кірунку адзінства.

З гэтай нагоды каля прэзбітэрыя ў мінскай катэдры знаходзіўся човен, сімволіка якога была яскрава раскрыта напрыканцы набажэнства.

Традыцыйна падчас набажэнства з кароткімі прамовамі выступілі прадстаўнікі Цэркваў і супольнасцяў, якія ўзялі ў ім удзел.

Першым прамовіў прадстаўнік братняй Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства. Перадусім святар звярнуў увагу на шчодрасць Бога, які стаўся чалавекам і прыняў за нас смерць.

«Ахвяра Хрыста, якая аднаўляе прыроду чалавека, настолькі вялікая, што ў параўнанні з ёю ўсё іншае можна лічыць дробяззю», — сказаў айцец Аляксандр. Ён дадаў, што ў першыя стагоддзі хрысціяне віталі адно аднаго воклічам «Радуйся!», і тая радасць ва Уваскрослым Пану, якая іх напаўняла, дазваляла ім быць ласкавымі і шчодрымі. Прыняўшы добрую вестку, яны бескарысліва дзяліліся з іншымі гэтаю радасцю, не чакаючы ўзнагароды за зробленае дабро. «Па іх прыкладу і мы, сённяшнія хрысціяне, павінны вучыцца ў Бога бескарыслівай, самаахвярнай любові», — завяршыў сваю прамову айцец Аляксандр Шымбалёў.

Пастар Евангелічна-Лютэранскай супольнасці з Гродна Уладзімір Татарнікаў у сваім слове адзначыў, што адзінства немагчыма арганізаваць толькі чалавечымі намаганнямі. Каб ініцыятывы, скіраваныя на яго дасягненне, не заставаліся толькі на паперы, на думку пастара, «неабходна маліцца разам, разам служыць бліжнім і адстойваць хрысціянскія каштоўнасці».

Прадстаўнік супольнасці Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў Аляксандр Лотараў распачаў свой выступ са сцвярджэння, што хрысціяне — самыя шчаслівыя людзі на свеце, бо маюць найлепшага Айца.

«Мы павінны быць падобнымі да Яго ў шчодрасці, якая праяўляецца не ў грошах, а ў гасціннасці, у малітве, у добрых справах і ў абвяшчэнні Добрай Навіны», — падкрэсліў ён, выказаўшы пажаданне, каб не астыла ў хрысціянах любоў.

Намеснік старшыні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Камінскі зазначыў, што шчодрасць — гэта вялікая хрысціянская цнота. Ад імя Біблейскага таварыства ён выказаў падзяку прадстаўнікам розных канфесій, прысутных на набажэнстве, за шчырую і адданую сумесную працу ў абвяшчэнні Божага Слова.

Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Андрэй Абламейка перадаў удзельнікам набажэнства прывітанне ад Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, запэўніўшы ў яго духоўнай еднасці ў малітве. Святар звярнуў увагу на тое, што ў грэцкім тэксце тэмы сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў слова «ласкавыя» азначае «чалавекалюбныя».

«Чалавекалюбнасць — гэта Боская якасць; менавіта па ёй пазнаюць хрысціянаў», — падкрэсліў айцец Андрэй. Святар заахвоціў удзельнікаў набажэнства, пераадольваючы комплексы і пыху, імкнуцца наследаваць любоў Бога да ўсіх без выключэння. Пры гэтым ён адзначыў, што любоў — гэта не абавязак, а пакліканне, і таму толькі той, хто адчувае любоў Бога, можа любіць іншых.

Апошнім прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які свой выступ прысвяціў неабходнасці быць сведкамі «хрысціянскага ДНК».

Іерарх падкрэсліў, што словы Хрыста «Каб усе былі адно» сталі Яго тэстамэнтам для ўсіх хрысціянаў з мэтай збліжэння і ў будучай перспектыве — бачнага адзінства.

Арцыбіскуп дадаў, што гэтаму спрыяюць разнастайныя супольныя ініцыятывы, у тым ліку Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

«Дзякуючы гэтым высілкам крок за крокам мы лепш разумеем адзін аднаго і ўзаемна збліжаемся.

Сёння мы можам засведчыць, што з’яўляемся не супернікамі, але аднадумцамі, змагарамі за тую самую справу абвяшчэння Евангелля ў секулярным свеце і абаронцамі хрысціянскіх каштоўнасцяў», — сцвердзіў арцыпастыр.

«У нашы часы секулярызацыі і адыходу ад Бога неабходна сканцэнтраваць высілкі ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў з мэтай новага абвяшчэння Евангелля. Гэта актуальнае заданне для ўсіх нас, і ад яго рэалізацыі будзе залежаць будучыня хрысціянства», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Гаворачы пра тое, што аб’ядноўвае ўсіх вызнаўцаў Хрыста, іерарх выкарыстаў параўнанне з генетыкі: «Пра генетычную сувязь паміж людзьмі сведчыць іх супольны ДНК. Ці мы забыліся, што маем адзіны хрысціянскі ДНК, які атрымалі ў сакрамэнце хросту? Калі так, то няхай сённяшняя малітва, якая канцэнтруецца на тэме ўзаемнай ветлівасці і шчодрасці паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі, нагадае нам пра гэта і дапаможа жыць гэтай праўдай з мэтай зламаць бар’еры, што нас падзяляюць, і імкнуцца да еднасці. <…>

Няхай прыклад апостала Паўла дапаможа нам у далейшым развіцці міжканфесійных адносін у Беларусі з мэтай сведчыць пра наша супольнае хрысціянскае ДНК і бараніць хрысціянскія каштоўнасці», — завяршыў сваю прамову Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У другой частцы набажэнства падчас супольнай малітвы вернікаў да чаўна былі прынесены восем вёслаў. На кожным вясле было напісана па адным слове — «паяднанне», «асвячэнне», «надзея», «давер», «умацаванне», «гасціннасць», «навяртанне» і «шчодрасць» — у адпаведнасці з паасобнымі заклікамі малітвы вернікаў.

Завяршылася экуменічнае набажэнства і сёлетні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў благаслаўленнем, якое ўдзяліў усім прысутным арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на далейшую дзейнасць, «каб усе былі адно».

 

 

Абноўлена 26.01.2020 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа