15 студзеня Папа Францішак прызначыў італьянку Франчэску Дзі Джаванні намеснікам сакратара Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту, даручыўшы ёй кіраваць сектарам шматбаковых адносін.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ватыканская чыноўніца лічыць, што яе прызначэнне на кіраўнічую пасаду — знак увагі Папы да ролі жанчын у Касцёле і ў грамадстве, але гэта не галоўная прычына выбару Святога Айца.
Франчэска Дзі Джаванні нарадзілася ў 1953 г. у Палерма, атрымала юрыдычную адукацыю і праходзіла практыку ў міжнародным цэнтры руху «Факаляры». З верасня 1993 г. яна была афіцыялам Аддзела па сувязях з дзяржавамі, займаючыся, у прыватнасці, пытаннямі, звязанымі з міжнароднымі дамовамі па міграцыі, міжнародным гуманітарным правам, камунікацыямі, прыватным міжнародным правам, становішчам жанчын, інтэлектуальнай уласнасцю і турызмам.
З новым прызначэннем у Аддзеле па сувязях з дзяржавамі будуць працаваць два намеснікі сакратара (падсакратары): Франчэска Дзі Джаванні і монсеньёр Міраслаў Вахоўскі, які займаецца сектарам двухбаковай дыпламатыі.
У інтэрв’ю Vatican News Дзі Джаванні распавяла, чым займаецца сектар шматбаковых адносін пры Аддзеле па сувязях з дзяржавамі: гаворка ідзе пра міжурадавыя арганізацыі і шматбаковыя пагадненні. Гэтаму аспекту дыпламатыі, патлумачыла яна, Папа Францішак надае вялікую ўвагу, хоць сёння яго эфектыўнасць нярэдка ставіцца пад пытанне.
На думку самой чыноўніцы, яе прызначэнне на такую высокую пасаду — гэта знак увагі Папы да ролі жанчын у Касцёле і ў грамадстве, аднак, у першую чаргу, гэта рашэнне, безумоўна, звязана з самой функцыяй, а не з тым фактам, што яна жанчына.
У той жа час яна перакананая, што жанчыны валодаюць асаблівым дарам «шукаць агульныя падыходы і ствараць адносіны, клапоцячыся пра адзінства».
«Трэба нястомна імкнуцца да дыялогу на ўсіх узроўнях, заўсёды шукаць дыпламатычныя рашэнні. Напрыклад, у нядаўняй прамове да дыпламатычнага корпусу Папа нагадаў, сярод іншага, пра шматлікія пазітыўныя дасягненні ААН, якая адзначае сёлета 75-годдзе з дня заснавання. Мы хочам і далей бачыць у ААН неабходную прыладу дасягнення агульнага дабра, хоць гэта не вызваляе нас ад задачы патрабаваць змен і рэформаў там, дзе ёсць такая неабходнасць», — звярнула ўвагу Франчэска Дзі Джаванні, кажучы пра сваю працу.