Пошук

06.01.2020 21:01   Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Vatican News

70 гадоў таму Добрая Вестка з самага цэнтра каталіцкага свету, з Ватыкана, пачала гучаць і распаўсюджвацца па-беларуску: 6 студзеня 1950 года пачалося рэгулярнае вяшчанне беларускамоўнай праграмы на Ватыканскім радыё.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, менавіта гэты дзень стаў пунктам адліку гісторыі існавання Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, хоць упершыню на хвалях папскай радыёстанцыі беларуская мова прагучала крыху раней: 24 снежня 1949 г. у эфіры было зачытана перакладзенае пасланне папы Пія XII з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку Юбілейнага 1950 года.

За сваю гісторыю Беларуская рэдакцыя зведала шмат пераўтварэнняў, дзякуючы якім заўсёды адпавядала патрабаванням часу, не губляючы пры гэтым сваёй глыбока хрысціянскай, прапаведніцкай сутнасці.

Сёння, як і 70 гадоў таму, яна, нароўні з дзясяткамі іншых нацыянальных праграм, служыць дзейсным сродкам дыялогу Папы са светам, вестуном радасці і надзеі для ўсіх тых, хто шукае Бога.

Ля вытокаў беларускай праграмы стаяў ксёндз Пётр Татарыновіч, каталіцкі святар з Піншчыны, таленавіты аўтар і перакладчык. Спачатку адзін, а пазней у супрацоўніцтве з руплівымі памочнікамі айцом Кастусём Маскалікам, айцом Тамашом Падзявам і айцом Язэпам Германовічам ён рыхтаваў дзесяціхвілінны агляд падзей з Ватыкана і з жыцця Касцёла, што выходзіў у эфір раз на тыдзень.

У 1970 г., калі кс. Пётр Татарыновіч выходзіў на пенсію, беларуская праграма выходзіла ў эфір ужо пяць разоў на тыдзень, а яе працягласць павялічылася да 14 хвілін. Кіраўніцтва рэдакцыяй пераняў грэка-каталіцкі святар айцец Леў Гарошка, які імкнуўся ўзбагачаць выпускі навін беларускай нацыянальнай тэматыкай: рыхтаваў рубрыкі, прысвечаныя гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры.

Пасля смерці а. Льва Гарошкі ў 1977 г. рэдакцыю ўзначаліў айцец Робэрт Тамушанскі, каталіцкі святар усходняга абраду. У гэты перыяд да працы над беларускай радыёперадачай упершыню пачалі далучацца свецкія вернікі, у тым ліку Алена Мартэцкая, а сама сядзіба Беларускай рэдакцыі паступова ператварацца ў месца сустрэчы беларускіх дзеячаў у сэрцы каталіцкага свету. У свой час тут бывалі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Янка Запруднік, айцец Аляксандр Надсан, кардынал Казімір Свёнтэк і іншыя. У 1980 г. падчас свайго візіту на Ватыканскае радыё рэдакцыю наведаў папа Ян Павел ІІ.

У 1996 г. кіраўніцтва Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё перайшло да езуіта бельгійскага паходжання айца Клода Рабінэ SI. Адметнасцю гэтага перыяду стаў выхад нацыянальных праграм папскай радыёстанцыі ў інтэрнэт-прастору: пачаў працаваць сайт рэдакцыі.

З 2010 г. на чале Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё стаіць кс. Аляксандр Амяльчэня, у мінулым прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і кіраўнік парталу Catholic.by.

У многім дзякуючы яго намаганням Беларуская праграма Ватыканскага радыё значна наблізілася да сучасных стандартаў радыёвяшчання: змянілася яе структура, ухіл пачаў рабіцца на актуальнасць навін, своечасовасць і даступнасць падачы інфармацыі. З’явілася старонка рэдакцыі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, а пачынаючы з 10 чэрвеня 2012 г. раз на тыдзень выніковы выпуск рэлігійных навін з Ватыкана, падрыхтаваны супрацоўнікамі рэдакцыі, выходзіць у эфіры Першай праграмы Беларускага радыё.

Год таму Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё паспяхова ўлілася ў новую камунікацыйную сістэму Апостальскай Сталіцы — партал Vatican News, які ўзнік па выніках рэформы ватыканскіх СМІ, ініцыяванай папам Францішкам у 2015 г., і ўвабраў у сябе ўсе медыйныя сродкі Святога Пасаду. Сёння ўсе яны ўваходзяць у склад заснаванай у 2018 г. Дыкастэрыі па камунікацыі.

Сённяшнія супрацоўнікі Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня, Аляксандр Панчанка і Ян Мойсік ганарацца яе гісторыяй, з удзячнасцю ўзгадваюць сваіх папярэднікаў і прыкладаюць усе намаганні, каб годна працягваць іх евангелізацыйную місію і такім чынам плённа служыць Богу і Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі.

Абноўлена 07.01.2020 08:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.