Пошук

26.12.2019 10:47   Паводле: Vatican News
Ксёндз Пётр Татарыновіч у Ватыкане. Фота: Бібліятэка і музей Скарыны ў Лондане / belsat.eu

24 снежня 1949 г. слова Папы ўпершыню загучала з Ватыкана на беларускай мове. Гэта было радыёпасланне Пія ХІІ, трансляцыя якога адбылася ў вігілію Божага Нараджэння.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, святочны радыёзварот Пій ХІІ падрыхтаваў напярэдадні Божага Нараджэння і адкрыцця Святога Юбілейнага Года, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле на працягу ўсяго 1950 г.

Папа хацеў, каб яго слова пачулі і зразумелі вернікі ва ўсім свеце, таму распарадзіўся перакласці пасланне на розныя мовы і трансліраваць у эфіры Ватыканскага радыё.

Тэкст быў даволі доўгім, з гэтай прычыны трансляцыя яго перакладаў на розныя мовы расцягнулася на тры дні.

«Моўны марафон» пачаўся 23 снежня 1949 г. Спачатку прамовіў сам Пій ХІІ на італьянскай мове, а потым яго словы загучалі ў перакладзе на англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую, польскую, партугальскую, венгерскую, чэшскую, славацкую, галандскую, украінскую, харвацкую і славенскую мовы.

На наступны дзень, 24 снежня, на хвалях Ватыканскага радыё трансліравалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Святых Брамаў Юбілейнага Года ў базыліцы св. Пятра і святочнае пасланне Пантыфіка на чарговых мовах: балгарскай, румынскай, беларускай, арабскай і эфіопскай.

Зварот Папы па-беларуску перадаваўся з 13.30 да 14.30 па сярэднееўрапейскім часе. Гэта было першае ў гісторыі вяшчанне на беларускай мове з Ватыкана.

Тэкст чытаў кс. Пётр Татарыновіч, святар з Піншчыны, які з 1945 г. вучыўся ў Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме.

25 снежня пасланне Святога Айца перадавалася на рускай, латышскай, эстонскай і літоўскай мовах.

Рэгулярныя праграмы Ватыканскага радыё па-беларуску выходзяць з 6 студзеня 1950 г. Такім чынам папская радыёстанцыя з’яўляецца першым замежным радыё, якое пачало вяшчаць на беларускай мове. На гэты конт кс. Пётр Татарыновіч вельмі красамоўна напісаў на старонках часопіса «Źnič»: «Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання!»

***

Ад рэдакцыі:

Сёння справу ксяндза Пятра Татарыновіча годна працягвае ксёндз Аляксандр Амяльчэня, дырэктар Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і парталу Vatican News, разам са сваімі супрацоўнікамі. Калектыў парталу Catholic.by скіроўвае сваім калегам у Ватыкане віншаванні з Божым Нараджэннем і 70-й гадавінай з пачатку місіі, якую яны сёння працягваюць, даносячы да беларускіх вернікаў слова папы Францішка на роднай мове.

Абноўлена 26.12.2019 12:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа