Пошук

28.01.2022 13:52   Catholic.by

20 студзеня ў катэдральным касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве адбылася святая Імша з нагоды 500-гадовага юбілею з часу выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францішка Скарыны, якая стала першым друкаваным малітоўнікам на беларускай мове.

Цэлебрацыю ў архікатэдры польскай сталіцы ўзначаліў дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі Міхал Яноха.

У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што 500-годдзе выдання «Малой падарожнай кніжыцы» — гэта нагода для «малітвы за нашых братоў беларусаў і за іх Айчыну». Нагадаўшы коратка гісторыю Беларусі, біскуп Яноха заахвоціў суайчыннікаў да ўсенароднага пакаяння.

«Занадта часта — як у даўнія, так і ў нядаўнія часы, — мы глядзелі на нашых суседзяў з усходу з пачуццём ганарлівай перавагі, можа, нават непавагі. А маці непавагі з’яўляецца недахоп ведаў», — сказаў дапаможны біскуп.

У святой Імшы бралі ўдзел дыпламаты, а таксама духоўныя асобы цэркваў і супольнасцяў, якія належаць да Польскай экуменічнай рады. Эўхарыстыю разам з біскупам канцэлебравалі душпастыры беларусаў лацінскага і ўсходняга абрадаў. Падчас літургіі спяваў беларускі хор Concordia — «Згода».

Сярод прысутных вернікаў былі беларусы, якія жывуць або вучацца ў Польшчы, супрацоўнікі гуманітарных арганізацый, а таксама тыя, каму блізкая спадчына вялікага дзеяча Адраджэння Францішка Скарыны і хрысціянскі набытак нашага рэгіёну.

У малітве вернікаў на розных мовах, якую распачалі дыпламаты, да Бога былі скіраваныя просьбы аб росквіце і дабрабыце для Беларусі.

Прысутныя маліліся таксама за ўлады краіны, каб разумелі надзённыя патрэбы свайго народа. Дзякуючы па-беларуску за ўдзел у супольнай малітве, біскуп Яноха сказаў на заканчэнне: «Мы з вамі!»

У той самы дзень арцыбіскуп Пражскі кардынал Дамінік Дука цэлебраваў святую Імшу ў пражскай катэдры святога Віта аб вечным жыцці для Францішка Скарыны.

Чэшскі іерарх параўнаў беларускага першадрукара са стваральнікамі інтэрнэту і назваў вялікім еўрапейскім гуманістам.

Паводле кардынала Дукі, са Скарыны павінны браць прыклад сучасныя еўрапейцы, якія забываюць пра свае духоўныя хрысціянскія карані.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.