Пошук

18.12.2019 17:24   Паводле: Vatican News
Фота: Daniel Ibáñez / EWTN-CNA

Святочныя яслі нагадваюць пра блізкасць Бога і запрашаюць Яго ўвайсці ў наша жыццё, заўважыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 18 снежня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец адзначыў, што самым простым спосабам падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння з’яўляецца стварэнне ясляў. Ён нагадаў, што нядаўна быў у мястэчку Грэчо, дзе святы Францішак Асізскі ўпершыню ў гісторыі зрабіў батлейку. Там Папа падпісаў Апостальскі ліст, які прысвяціў значэнню гэтай традыцыі.

«Насамрэч, батлейка — гэта „жывое Евангелле“. Яна нясе Евангелле туды, дзе жывуць людзі: у дамы, школы, вязніцы, на плошчы. У месцах нашага пражывання яны нагадваюць пра самае важнае: што Бог не застаўся нябачным на нябёсах, але прыйшоў на зямлю, стаў чалавекам. Бог заўсёды быў блізкім да свайго народу, але пасля ўцелаўлення стаў асабліва блізкім.

Майстраваць яслі — значыць святкаваць блізкасць Бога, адкрыць па-новаму, што Бог — рэальны, канкрэтны, жывы і датыкальны. Ён з’яўляецца не далёкім панам ці бесстароннім суддзёю, але пакорнай Любоўю, якая сышла да нас»,

— сказаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, Дзіцятка ў яслях кажа пра Божую пяшчоту, а Яго распасцёртыя рукі — пра жаданне Бога абняць усё чалавецтва. «Цудоўна прыйсці да ясляў і даверыць Богу жыццё, паразмаўляць з ім пра людзей і сітуацыі, якія носім у сэрцы, падвесці разам з Ім вынікі года, які завяршаецца, падзяліцца з Ім чаканнямі і турботамі», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа нагадаў, што, калі нарадзіў Езус, Марыя і Юзаф мелі ў сэрцы не толькі радасць, але і страх, бо дзіця прыйшло на свет у беднасці.

«Таксама і мы можам запрасіць Святую Сям’ю ў нашы дамы, дзе ёсць радасць і турботы, дзе штодзённа прачынаемся, дзе спажываем ежу і спім побач з самымі дарагімі людзьмі. Яслі — гэта хатняе Евангелле. Слова „яслі“ даслоўна значыць „кармушка“, а горад ясляў, Бэтлеем — гэта „Дом хлеба“. Кармушка і Дом хлеба: яслі, якія ставім дома, дзе дзелімся ежай і любоўю, нагадваюць, што Езус — гэта пасілак, хлеб жыцця.

Гэта Ён сілкуе нашу любоў, гэта Ён дорыць нашым сем’ям сілу, каб ісці далей і прабачаць адно аднаму»,

— падкрэсліў Пантыфік.

Яслі Божага Нараджэння, дадаў ён, вучаць спыняцца і знаходзіць час для сузірання, што асабліва патрэбна ў кантэксце сучаснага хуткага жыццёвага рытму.

«Яны нагадваюць нам пра важнасць затрымацца, бо толькі калі ўмеем суцішыцца, можам зразумець, што па-сапраўднаму важнае ў жыцці, толькі калі пакінем за дзвярыма шум свету, адкрыемся для слухання Бога, які прамаўляе ў цішыні. Яслі — вельмі актуальныя для кожнай сям’і.

Учора мне падаравалі маленькую выяву незвычайных ясляў. Яны называліся „Дазволім маці адпачыць“. У іх была фігурка Маці Божай, якая спіць, і святога Юзафа, які кладзе спаць Дзіцятка. Колькі з вас, мужоў і жонак, вымушаны чуваць уначы па чарзе пры дзіцятку, якое плача. „Дазволім маці адпачыць“ — гэта пяшчота сям’і, сужэнства», — заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што святочныя яслі з’яўляюцца таксама актуальнымі ў свеце, дзе вырабляецца вялікая колькасць зброі і існуе насілле.

«Яслі — гэта вобраз міру, зроблены сваімі рукамі. Таму яны — жывое Евангелле», — дадаў ён.

Папа адзначыў, што святочная батлейка кажа пра сэнс жыцця. У ёй можна ўбачыць фігуркі пастухоў з авечкамі, каваля, млынара. Часам ствараюцца краявіды і сцэны, уласцівыя тым ці іншым рэгіёнам.

«Гэта слушна, бо яслі нагадваюць нам, што Езус прыходзіць у наша канкрэтнае жыццё. Гэта заўсёды важна: зрабіць маленькія яслі дома, бо гэта напамін пра тое, што Бог прыйшоў да нас, нарадзіўся паміж намі, суправаджае нас у жыцці, стаў чалавекам, як мы. У штодзённым жыцці мы не самотныя — Ён жыве з намі. Ён не змяняе сітуацыі магічным чынам, але, калі прымаем Яго, усё можа змяніцца. Жадаю вам, каб стварэнне ясляў стала нагодай для запрашэння Езуса ў жыццё», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што, калі запрашаем Хрыста ў жыццё, яно адраджаецца і мы нараджаемся нанава. «А калі жыццё адраджаецца, гэта і ёсць сапраўднае Божае Нараджэнне, — сцвердзіў папа Францішак і пажадаў усім: — Вясёлых святаў!»

Абноўлена 18.12.2019 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця