Папа Францішак прытрымліваецца патрэбы цуду як неабходнай умовы для беатыфікацыі або кананізацыі. Цуд — гэта паказчык Божай волі. Без «відавочнага ўмяшання Пана» нельга давесці працэдуру кананізацыі да станоўчага завяршэння, заявіў Папа ў чацвер перад Кангрэгацыяй па справах кананізацыі ў Ватыкане.
Як паведамляе Katolisch.de, нагодай для сустрэчы стала 50-годдзе з часу заснавання кангрэгацыі. Сённяшняя Кангрэгацыя па справах кананізацыі была створана ў 1969 г. у выніку рэарганізацыі папярэдняй структуры, якая бярэ пачатак у XVI стагоддзі. Цяперашні кіраўнік кангрэгацыі — 71-гадовы італьянскі кардынал Анджэло Бечу.
Кажучы пра жыццё святых і благаслаўлёных, папа Францішак назваў яго жыццяпісам — «Божым словам, увасобленым у гісторыі». Святасць часта спадарожнічае жыццю Касцёла, будучы схаванай і незаўважнай, дадаў Пантыфік, прывёўшы ў прыклад «святасць у цярплівым Божым народзе». Вялікую колькасць беатыфікацый і кананізацый ён назваў знакам таго, «што святыя не недасягальныя людзі, а блізкія нам».
Аднак Папа настойвае, каб перад тым, як прызнаць кагосьці святым, жыццё кандыдата было дакладна і падрабязна даследавана. Гэта з’яўляецца патрабаваннем касцёльнага права, а таксама жаданнем вернікаў.
Гістарычныя, теалагічныя і медыцынскія рэцэнзенты — толькі некаторыя даследчыкі, якія павінны будуць выконваць сваю задачу «ў поўнай свабодзе сумлення». Таму, звяртаючыся да рэцэнзентаў, Пантыфік перасцярог іх ад пошукаў у гэтым якіх-небудзь эканамічных ці асабістых інтарэсаў.
З беатыфікацыяй або кананізацыяй, якая здзяйсняецца Папам, Каталіцкі Касцёл афіцыйна прызнае гераічную цноту святога і адначасова заклікае сваіх вернікаў да яго ўшанавання і наследавання. Належыць, аднак, заўважыць, што для правядзення адпаведнай касцёльнай працэдуры, акрамя сведчання святасці жыцця, патрабуецца таксама доказ цуду, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божага пасля яго смерці.
І толькі пры беатыфікацыі мучанікаў, якія аддалі сваё жыццё за веру, касцёльнае права не патрабуе захавання гэтай агульнай умовы.