15 лістапада Святы Айцец звярнуўся з відэапасланнем да ўдзельнікаў пілігрымкі, арганізаванй супольнасцю «Брат», якія сабраліся ў Люрдзе з нагоды Трэцяга сусветнага дня бедных.
Касцёльная супольнасць «Брат» складаецца з актыўных свецкіх вернікаў, якія ў 2014 і 2016 гадах арганізоўвалі пілігрымкі ў Рым для людзей, якія не маюць даху над галавою. Менавіта падчас іх другой пілігрымкі ў Вечны горад папа Францішак сустрэўся з імі і пасля гэтага ўстанавіў Сусветны дзень бедных, які адзначаецца ў нядзелю перад урачыстасцю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.
У сваім сёлетнім відэапасланні да пілігрымаў, сярод якіх шмат людзей бедных і гаротных, Святы Айцец кажа:
«Вы патрэбныя; кожны з вас патрэбны. Усвядомце сабе, што Бог вас любіць. Ён асабліва выслухоўвае вашыя малітвы».
Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што для таго, каб вярнуцца да вытокаў і навярнуцца да Бога, неабходна зрабіць два крокі. Перадусім гэта малітва, якая выражаецца ў прыняцці Марыі, якая шырока адчыняе дзверы Касцёла. Другі крок — гэта сакрамэнты, праз якія Бог аздараўляе і адорвае міласэрнасцю.
«Хочаце быць хрысціянамі? Прасіце хросту. Запрашаю вас асаблівым чынам адкрыць для сябе споведзь, сакрамэнт паяднання, у якім Бог праяўляе сваю пяшчоту да нас і нас вызваляе. Жывіце Эўхарыстыяй, каб прымаць самога Бога ў вашым целе і ў вашай душы. Ён адорыць вас вераю і радасцю. Прымайце таксама сакрамэнт намашчэння хворых, такі каштоўны для тых з вас, хто адчувае сябе зраненым целам і душою».
Сусветны дзень бедных адзначаюць таксама і ў Беларусі.
Адгукнуўшыся на заклік папы Францішка «несці надзею і суцяшэнне бедным», 20 кастрычніка пры парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах урачыста адзначылі Трэці сусветны дзень бедных. Яго тут вырашылі адсвяткаваць раней з той прычыны, што надвор’е для гэтага больш спрыяльнае ў кастрычніку, чым у канцы лістапада.
Узяць прыклад з баранавіцкай парафіі ў гэтыя дні могуць таксама іншыя каталіцкія супольнасці ў нашай краіне, каб канкрэтнымі справамі міласэрнасці далучыцца да пачэснай ініцыятывы папы Францішка.