Будаваць масты з тымі, хто не верыць у Бога ці верыць інакш, заклікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 6 лістапада ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў (Дз 15–34).
Пантыфік нагадаў, што пасля выпрабаванняў, спазнаных у Філіпах, Тэсалоніках і Бэрэі, апостал Павел накіраваўся ў Атэны, у самае сэрца Грэцыі.
«Гэты горад, які жыў у ценю старажытнай славы, нягледзячы на палітычны заняпад, яшчэ захоўваў культурнае першынства. Тут апостал “абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі”.
Аднак гэтае “сутыкненне” з язычніцтвам не прымусіла яго да ўцёкаў, але падштурхнула будаваць мост для дыялогу з гэтай культурай»,
— заўважыў Папа.
Павел вырашыў бліжэй пазнаёміцца з горадам і пачаў наведваць самыя значныя месцы і паважаных людзей: сінагогу — сімвал рэлігійнага жыцця; плошчу — сімвал грамадзянскага жыцця; арэапаг — сімвал палітычнага і культурнага жыцця. Ён сустракаўся з юдэямі, філосафамі, эпікурэйцамі, стоікамі і многімі іншымі.
«Павел назіраў за культурай і асяроддзем Атэн “кантэмпляцыйным позіркам”, што “адкрывае Бога, які жыве дамах горада, на яго вуліцах і плошчах”, — адзначыў Папа. — Павел глядзеў на Атэны і язычніцкі свет не варожа, але вачыма веры. І гэта прымушае нас задумацца аб тым, як мы глядзім на нашы гарады: назіраем за імі з абыякавасцю, з пагардай ці з верай, якая дапамагае заўважаць дзяцей Божых у безыменным натоўпе?»
Святы Айцец заўважыў, што на атэнскім арэапагу Павел даў надзвычайны прыклад інкультурацыі паслання веры: абвяшчаў Езуса Хрыста ідалапаклоннікам, не нападаючы на іх, але становячыся «пантыфікам — будаўніком мастоў».
Павел спаслаўся на гарадскі алтар, прысвечаны «невядомаму Богу», і, адштурхоўваючыся ад яго, пачаў абвяшчаць сваім суразмоўцам, што Бог «жыве сярод грамадзян» і «не хаваецца ад тых, хто Яго шукае шчырым сэрцам, хоць яны робяць гэта навобмацак».
Менавіта гэтую прысутнасць жадаў паказаць Павел: «Тое, чаму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам», — нагадаў словы апостала Пантыфік.
Папа звярнуў увагу, што, паказваючы тоеснасць бога, якому пакланяліся жыхары Атэн, апостал пачаў ад біблійнай веры ў Бога Аб’яўлення, потым распавёў пра адкупленне і суд — хрысціянскае пасланне. Павел тлумачыў, што Стварыцель прагне, каб Яго шукалі і каб кожны чалавек мог Яго знайсці. Ён заклікаў сваіх суразмоўцаў да навяртання, нагадваючы пра непазбежны суд, і распавёў ім пра Езуса Хрыста, акрэсліваючы Яго як «Чалавека, якога прызначыў» Бог і «даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
«І тут узнікла праблема. Слова Паўла, якое дагэтуль прымушала яго суразмоўцаў слухаць на адным дыханні, паколькі было для іх цікавым адкрыццём, натрапіла на перашкоду: смерць і ўваскрасенне Хрыста ім падалося “глупствам”, выклікала кпіны і здзекі. Тады Павел адышоў: здавалася, што яго спроба пацярпела паразу, але некаторыя людзі прынялі яго слова і адкрыліся на веру. Сярод іх быў мужчына, Дыянізій, член арэапагу, і жанчына па імені Дамарыс. Таксама і ў Атэнах укаранілася Евангелле і магло загучаць на два галасы: мужчынскі і жаночы», — заўважыў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла заахвоціў быць адкрытымі на культуру і людей, якія не вераць у Бога ці вераць іншым чынам.
«Заўсёды будаваць масты, заўсёды трымаць руку працягнутай, без ніякай агрэсіі. Будзем прасіць аб здольнасці інкультурацыі паслання веры з далікатнасцю, гледзячы на тых, хто не ведае Хрыста, кантэмпляцыйным позіркам, які кіруецца любоўю, што распальвае нават самыя зацвярдзелыя сэрцы», — заклікаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.