Пошук

30.10.2019 15:59   Паводле: Vatican News
Фота: catholicregister.org

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 30 кастрычніка ў Ватыкане, папа Францішак працягнуў цыкл катэхезаў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік засяродзіў увагу на евангелізацыйнай місіі св. Паўла ў Македоніі. Ён нагадаў, што апостал меў візію, падчас якой нейкі македонец папрасіў яго накіравацца ў гэтую рымскую калонію. Павел без ваганняў адправіўся туды, будучы ўпэўненым, што сам Бог кліча яго.

У македонскім горадзе Філіпы апостал затрымаўся на некалькі дзён, падчас якіх адбыліся тры важныя здарэнні: евангелізацыя і хрост Лідзіі і яе сям’і; арышт, які ён спазнаў разам з Сілай, пасля таго як выгнаў злога духа са служанкі, эксплуатаванай яе гаспадарамі; навяртанне і хрост іх вартаўніка і яго сям’і.

«Моц Евангелля ў першую чаргу скіроўваецца да жанчын Філіпаў, асабліва да Лідзіі, гандляркі пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу і якой Пан адкрыў сэрца, “каб яна прыняла словы Паўла” (Дз 16, 14). Лідзія прыняла Хрыста, ахрысціўшыся разам са сваёй сям’ёй, а таксама прыняла тых, якія былі Хрыстовымі, прытуліўшы Паўла і Сілу ў сваім доме», — адзначыў Папа.

«Тут мы бачым сведчанне прыйсця хрысціянства ў Еўропу: пачатак працэсу інкультурацыі, які працягваецца яшчэ сёння. Яно ўвайшло праз Македонію»,

— дадаў ён.

Пасля ўтульнасці, спазнанай у доме Лідзіі, Павел і Сіла павінны былі адчуць цяжар вязніцы, куды былі кінуты за тое, што ў імя Езуса вызвалілі адну служанку, «якая мела духа прадбачання» і «здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі» (Дз 16, 16). Яе гаспадары, каб адпомсціць, прывялі апосталаў да гарадскіх кіраўнікоў, кажучы, што яны парушаюць грамадскі парадак.

«Павел апынуўся ў вязніцы, але падчас зняволення адбылося надзвычайнае здарэнне. Замест таго, каб наракаць, Павел і Сіла пачалі спяваць гімны Богу, і гэтае праслаўленне абудзіла сілу, якая вызваліла іх: падчас малітвы землятрус скалыхнуў падмуркі вязніцы, адчыніліся дзверы і апалі ўсе путы (пар. Дз 16, 25-26). Як падчас малітвы ў Пяцідзесятніцу, таксама і малітва ў вязніцы дала цудоўныя плёны», — нагадаў Папа.

Вартаўнік, думаючы, што вязні ўцяклі, хацеў забіць сабе, бо турэмныя назіральнікі адказвалі жыццём за ўцёкі зняволеных, але Павел спыніў яго і заклікаў паверыць у Езуса Хрыста, каб здабыць збаўленне для сябе і дому свайго.

«У гэты момант адбылася перамена: пасярод ночы вартаўнік слухаў слова Пана разам са сваёй сям’ёй, прыняў апосталаў, абмыў іх раны — таму што іх білі — і разам са сваімі прыняў хрост; потым “з усім домам сваім цешыўся, што паверыў у Бога”, накрыў стол і запрасіў Паўла і Сілу застацца з імі: наступіў момант суцяшэння. Пасярод ночы гэтага безыменнага турэмнага вартаўніка святло Хрыста заззяла і перамагло цемру: путы апалі з сэрца, а ў ім і яго блізкіх нарадзілася радасць, якой яны ніколі не мелі», — сказаў Папа.

«Так Святы Дух дзейнічае падчас місій: ад самага пачатку, пачынаючы з Пяцідзесятніцы і надалей, Ён з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай місій.

Ён вядзе нас наперад, хоча, каб мы былі вернымі пакліканню, да якога нас падштурхоўвае Дух, каб неслі Евангелле»,

— адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Напрыканцы катэхезы Папа заклікаў вернікаў маліцца, просячы ў Святога Духа аб дары адкрытага сэрца, чуйнага да Бога і гасціннага да братоў, якое мела Лідзія; аб гарачай веры, якую мелі Павел і Сіла; а таксама аб сардэчнай адкрытасці, якую меў турэмны вартаўнік з біблійнага апавядання, які дазволіў Святому Духу дакрануцца да сябе.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця