«Эўтаназія і самазабойства пры садзеянні ўрачоў з’яўляюцца памылковымі з пункту гледжання маральнасці і рэлігіі і павінны быць забаронены без выключэння», — гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі пра канец жыцця, падпісанай 28 кастрычніка ў Ватыкане прадстаўнікамі монатэістычных абрагамічных рэлігій.
«Ніводзін медыцынскі работнік не павінен прымушацца або падвяргацца ціску з мэтай прамога або ўскоснага ўдзелу ў дабравольнай і наўмыснай смерці пацыента», —дадаецца ў дэкларацыі.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, ідэя распрацоўкі гэтага дакумента належыць сустаршыні ізраільскай Нацыянальнай рады па біяэтыцы рабіну Абрагаму Штэйнбергу, які прапанаваў яе папу Францішку. Святы Айцец падтрымаў рабіна і даручыў Папскай акадэміі абароны жыцця на чале з арцыбіскупам Вінчэнцо Палья каардынаваць працу сумеснай міжрэлігійнай групы, створанай для напісання гэтага дакумента.
Мэта дэкларацыі ў тым, каб «выкласці пазіцыю монатэістычных абрагамічных рэлігій адносна каштоўнасцяў і важных практычных пытанняў, якія датычаць невылечна хворых, у інтарэсах пацыентаў, членаў іх сем’яў, медыцынскіх работнікаў і палітычных лідараў, якія прытрымліваюцца адной з гэтых рэлігій».
У прэамбуле дакумента падкрэсліваецца, што «рашэнні аб перарыванні жыцця» ставяць перад намі праблемы, якія ўзмацняюцца «сучаснымі навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі, якія дазваляюць працягнуць жыццё ў такіх сітуацыях з дапамогай немагчымых раней метадаў».
Аднак «такое працягванне жыцця часта суправаджаецца пакутамі і болем з-за арганічных, ментальных і эмацыйных дысфункцый».
Змены спазналі таксама адносіны паміж урачом і пацыентам: у іх ужо няма патэрналізму, а ёсць вялікая частка аўтаномнасці. Акрамя таго, людзі «ў развітых краінах паміраюць у шпіталях», «падключаныя да апаратаў, акружаныя вельмі занятымі і малазнаёмымі людзьмі», у той час як у мінулым звычайна «паміралі дома, у акружэнні родных, у знаёмым і прывычным атачэнні». У жыцці тэрмінальнага хворага таксама прысутнічае фінансавы аспект, звязаны з неабходнасцю працягваць дарагую тэрапію.
У сувязі з гэтым у дэкларацыі падкрэсліваецца, што «большасць рашэнняў, якія датычаць пацыента ў тэрмінальнай фазе», маюць не навукова-медыцынскі, а, хутчэй, «сацыяльны, этычны, рэлігійны, прававы і культурны характар».
Пацыент у тэрмінальнай фазе — гэта чалавек, які «пакутуе на невылечную і незваротную хваробу, смерць якога наступіць прыблізна на працягу некалькіх месяцаў, нягледзячы на ўсе дыягнастычныя і тэрапеўтычныя ўмовы». У гэты час чакання смерці чалавек мае патрэбу ў спачуванні, суперажыванні і прафесійнай кампетэнтнасці тых, хто яго даглядае і лечыць.
У сувязі з гэтым удакладняецца, што «меры, якія прымаюцца, апраўданыя толькі з пункту гледжання магчымай дапамогі, якую яны могуць аказаць».
Трэба дакладна разумець, у якіх выпадках гэтае лячэнне, накіраванае на падтрымку або працягванне жыцця, дасягае сваёй мэты, а ў якіх яно ўжо вычарпала свае магчымасці. Такім чынам, «калі смерць непазбежная, нягледзячы на сродкі, якія выкарыстоўваюцца», цалкам апраўданым будзе «прыняць рашэнне аб адмове ад некаторых відаў лячэння, якія толькі працягнуць хісткае, цяжкае, поўнае пакутаў існаванне».
Але і ў гэтым выпадку неабходна «рабіць усё магчымае, каб паменшыць пакуты, эфектыўна палегчыць боль, аказаць пацыенту і яго сям’і сяброўскую, эмацыйную і духоўную дапамогу ў падрыхтоўцы да смерці».
Урачы і грамадства, гаворыцца ў дэкларацыі, павінны паважаць «жаданне паміраючага пацыента працягнуць і захаваць сваё жыццё, няхай нават на кароткі перыяд», выкарыстоўваючы адпаведныя метады лячэння.
Таму, сказана ў дакуменце, «пытанні, якія датычаць працягласці і сэнсу чалавечага жыцця, не павінны ўваходзіць у кампетэнцыю медыцынскага персаналу», які нясе адказнасць за «забеспячэнне найлепшага догляду і максімальнай дапамогі хворым».
Абрагамічныя рэлігіі выступаюць супраць любых форм эўтаназіі і самазабойства пры садзеянні ўрачоў, таму што гэта супярэчыць «каштоўнасці чалавечага жыцця» і абсалютна недапушчальнае з маральнага і рэлігійнага пунктаў гледжання.
Усім паміраючым павінна быць гарантавана рэлігійная дапамога.
Далей у дакуменце гаворыцца пра поўную ўсебаковую паліятыўную дапамогу тэрмінальным хворым, якая падтрымлівае іх фізічны, эмацыйны, сацыяльны, рэлігійны і духоўны стан.
Пасля цырымоніі падпісання дэкларацыі, якая адбылася на віле Пія IV, папа Францішак прыняў удзельнікаў цырымоніі на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы.