16 кастрычніка, калі ва ўсім свеце праводзіцца Сусветны дзень харчавання, Святы Айцец у лісце, скіраваным да Арганізацыі харчавання і сельскай гаспадаркі (FAO), падкрэсліў, што ежа перастае быць сродкам для жыцця, а становіцца шляхам да знішчэння.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, папа Францішак заўважыў, што сёння 820 мільёнаў людзей у свеце пакутуюць ад голаду, а амаль 700 мільёнаў іншых — гэта ахвяры няправільных звычак харчавання. З прычыны нездаровага харчавання ў людзей развіваюцца цяжкія хваробы: дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні, анарэксія і булімія.
Гэта ўсё, падкрэсліў Пантыфік, «патрабуе змен у нашым спосабе жыцця і дзеянняў, дзе харчаванне ўяўляе сабой важны адпраўны пункт».
На яго думку, неабходна выпрацоўваць лад жыцця, прасякнуты падзякай за атрыманыя дары, і падтрымліваць умеркаванасць, устрыманне, самакантроль і салідарнасць. Патрэбна больш простае і цвярозае жыццё і клопат пра тых, хто вакол нас, сцвярджае пастыр паўсюднага Касцёла.
Пантыфік звярнуў увагу на важную ролю сям’і ў пашырэнні здаровага ладу жыцця. Менавіта ў ёй можна навучыцца атрымліваць асалоду ад пладоў зямлі, не злоўжываючы імі.
Барацьба з голадам і недаяданнем не скончыцца да таго часу, пакуль пераважае логіка рынку, а прыбытак здабываецца любой цаной, у выніку чаго ежа застаецца камерцыйным прадуктам, які падлягае фінансавым спекуляцыям і мала ўлічвае культурнае, сацыяльнае і па-сапраўднаму сімвалічнае значэнне, — адзначыў папа Францішак у пасланні да кіраўніка FAO.