Выклікі, якія ставіць штучны інтэлект і развіццё робататэхнікі, кібербяспека і абарона дзяцей у інтэрнэце — гэта галоўныя тэмы буйнога форума, які пачаўся ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, міжнародны семінар на тэму «Супольнае дабро ў лічбавую эпоху» праходзіць з 26 па 28 верасня па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Папскай рады па культуры.
Якім чынам штучны інтэлект і робататэхніка змяняюць наша жыццё? У чым благаслаўленне і праклён лічбавых тэхналогій? У якіх выпадках тэхнічны прагрэс служыць асобным людзям, а ў якіх — усяму чалавецтву? Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўваць прадстаўнікі розных сфер навукі, палітыкі, эканомікі.
Дарожнай картай у дыскусіях стане энцыкліка папы Францішка Laudato si’, прысвечаная ахове стварэння. У ёй Святы Айцец папярэджвае:
«Цяжка сабе ўявіць, што можна трымацца іншай культурнай парадыгмы і карыстацца тэхнікай толькі як звычайнай прыладай, бо сёння тэхнакратычная парадыгма стала настолькі дамінуючай, што вельмі цяжка не выкарыстаць яе патэнцыял, а яшчэ цяжэй не паддацца яе логіцы.
Антыкультурным стаў лічыцца выбар такога стылю жыцця, мэта якога хоць бы нават часткова магла б быць незалежнай ад тэхнікі, яе кошту, яе глабальнай і масавай улады».
Паводле аднаго з арганізатараў ватыканскага семінару сакратара Папскай рады па культуры біскупа Пола Тая, каб зразумець, што ў кантэксце развіцця лічбавых тэхналогій можна называць супольным дабром, патрэбны міждысцыплінарны абмен поглядамі, з асаблівым унёскам філасофіі і тэалогіі. Менавіта пляцоўкай для такой дыскусіі і стане ватыканскі форум.