Пошук

23.09.2019 15:16   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Crux Now

23 верасня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Дыкастэрыі па камунікацыі Святога Пасаду з нагоды яе пленарнай асамблеі.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, звяртаючыся да супрацоўнікаў дыскастэрыі, перадаў як прэфекту Паоло Руфіні падрыхтаваны тэкст, выказаўшы меркаванне, што «пасля першай старонкі ўсё роўна большасць засне», і запрасіў паразважаць над гэтым тэкстам пазней. Затым ён падзякаваў прэфекту за яго прамову і адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі Рымскай Курыі адну з яе дыкастэрый узначальвае свецкі чалавек.

«Ваша праца выяўляе жаданне Бога аб’яўляць Самога Сябе», — сказаў Папа супрацоўнікам дыкастэрыі.

Менавіта Бог, па яго словах, з’яўляецца першакрыніцай камунікацыі, перадаючы сваё дабро і прыгажосць. Чалавек жа камунікуе праз душу і цела, усім сваім існаваннем, а любоў — паўната камунікацыі.

Кажучы пра працу дыскастэрыі, Пантыфік пачаў з таго, чаго не трэба рабіць: гэта рэклама і празелітызм. Празелітызм па вызначэнні не можа быць хрысціянскім, патлумачыў Святы Айцец, спаслаўшыся на Бэнэдыкта XVI, які сцвярджаў, што Касцёл расце не праз празелітызм, а праз прыцягальнасць.

Наша камунікацыя павінна быць у першую чаргу сведчаннем: калі ж мы хочам перадаваць праўду «без дабра і без прыгажосці», то лепш наогул гэтага не рабіць, сказаў Папа і заклікаў браць прыклад не з вялікіх артыстаў і прапаведнікаў, а з мучанікаў, якія перадавалі праўду сведчаннем, нават без словаў. Ён узгадаў у ліку такіх сведкаў літоўскага арцыбіскупа Сігітаса Тамкявічуса, які атрымае сан кардынала на бліжэйшым кансісторыі.

Мы не павінны «апускаць рукі» сярод язычніцкага свету, падкрэсліў Пантыфік і патлумачыў, што свет будзе язычніцкім заўсёды і ў хрысціяніна заўсёды будзе спакуса пераймаць гэты менталітэт.

Але, дадаў ён, не трэба ўпадаць і ў іншую спакусу — скардзіцца і замыкацца ў тым, што некаторыя называюць «сапраўдным Касцёлам».

Гэтае вызначэнне Касцёла — «сапраўдны» — «выклікае ў мяне алергію», сказаў Папа. «Так, нас мала, але гэта не нешматлікасць абаронцаў, а нешматлікасць солі і закваскі», — адзначыў ён, дадаўшы, што мы заўсёды будзем «Касцёлам нямногіх», як казаў сам Пан.

Вызначэнне «сапраўдны» з’яўляецца праявай «культуры прыметнікаў», заўважыў Святы Айцец і заклікаў «перайсці ад культуры прыметнікаў да культуры назоўнікаў», значыць перадаваць сутнасць, а не даваць вызначэнні. Камунікацыя павінна быць стрыманай у сваёй прыгажосці, яна не патрабуе «дэталяў ракако», але павінна перадаваць радасць Евангелля, сказаў на заканчэнне Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.