Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 1 верасня папа Францішак абвясціў імёны новых кардыналаў, якім на кансісторыі 5 кастрычніка ўручыць кардынальскія берэты.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сярод новых кардыналаў-выбаршчыкаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу арцыбіскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, Бібліятэкар і Архівіст Святога Рымскага Касцёла арцыбіскуп Жазэ Таленціна Мэндонса, арцыбіскуп Джакарты ў Інданэзіі Ігнацыюс Сугарыё Гарджоатмоджа, арцыбіскуп Гаваны на Кубе Хуан Дэ-ла-Карыдад Гарсія Радрыгес, арцыбіскуп Кіншасы ў Конга Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Ольрыш, біскуп Уэўэтэнанго ў Гватэмале Альваро Рамасіні Імэры, арцыбіскуп Балонні ў Італіі Матэо Дзупі, арцыбіскуп Рабата ў Марока Крыстабаль Лопэс Рамэра, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кс. Майкл Чэрны, езуіт.
«Іх паходжанне выражае місіянерскае пакліканне Касцёла, які ніколі не перастае абвяшчаць міласэрную любоў Бога да ўсіх людзей на зямлі», — сказаў Святы Айцец.
Апрача дзесяці кардыналаў-выбаршчыкаў, у Калегію кардыналаў увойдуць тры іерархі, старэйшыя за 80 гадоў. Гэта былы Апостальскі нунцый у Егіпце арцыбіскуп Майкл Фіцджэральд, арцыбіскуп Каўнаскі на пенсіі Сігітас Тамкявічус з Літвы і іерарх з Анголы біскуп Бэнгэлі на пенсіі Эўджэніё Даль Корса.