У Міжнародным моладзевым форуме, прысвечаным аналізу вынікаў леташняга Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, веры і распазнання паклікання, узялі ўдзел маладыя прадстаўніцы Касцёла на Беларусі Лізавета Богуш і Людміла Гайдук.
«Актыўная моладзь у сінадальным Касцёле» — так гучала тэма мерапрыемства, якое з 19 па 22 чэрвеня праходзіла ў прыгарадзе Рыма Чампіна.
Моладзь з больш чым 100 краін, прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў, а таксама каталіцкіх арганізацый і рухаў з адкрытым сэрцам і гасціннасццю прымалі ў сваім доме айцы кармэліты.
На пачатку ўдзельнікаў форуму прывіталі прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця кардынал Кэвін Джозэф Фарэл і Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Ларэнцо Балдысэры.
Гаворачы пра ліст папы Францішка «Хрыстус жыве», які Святы Айцец па выніках Сіноду 2018 г. напісаў да моладзі і пра моладзь, кардынал Фарэл прыгадаў, як падчас сустрэчы з Папам сказаў яму, што маладыя людзі з’яўляюцца важнай часткай Касцёла. Папа Францішак яго паправіў:
«Маладыя людзі не з’яўляюцца важнай часткай Касцёла — яны з’яўляюцца Касцёлам».
Іерарх звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на тое, што Езус таксама быў маладым: «Калі б Ён быў тут, то сядзеў бы з вамі. Ён быў маладым, калі кінуў выклік кніжнікам і фарысеям, калі вучыў і чыніў цуды, калі ішоў супраць сістэмы. Ён быў вашага ўзросту!» — сказаў кардынал Фарэл сабраным юнакам і дзяўчатам.
У сваю чаргу кардынал Балдысэры выказаў радасць ад магчымасць зноў убачыць тых, з кім ён пазнаёміўся і працаваў падчас перадсінадальнай сустрэчы моладзі, у якой таксама брала ўдзел прадстаўніца Беларусі Кацярына Адамчык.
Падчас форуму маладыя людзі не проста слухалі чыесьці даклада, але жыва дзяліліся ўласным досведам адны з другімі.
Яны распавядалі пра жыццё моладзі ў сваіх касцёльных супольнасцях, разам разважалі над тэкатам папскага ліста і абмяркоўвалі тое, пра што ім піша Святы Айцец.
У апошні дзень працы ўдзельнікі сустрэчы засяродзіліся на тым, якім чынам ісці наперад і якое натхненне дае ім для гэтага супольны ўдзел у форуме.
Неабходнасці моладзі і дарослых дапамагаць адно аднаму быў прысвечаны кароткі мультфільм, які ўсе разам з задавальненнем паглядзелі.
Яго сэнс у тым, што моладзь і дарослыя ўзаемадапаўняюцца, таму што маладыя не баяцца глядзець у будучыню, а старэйшыя маюць вопыт і жыццёвую мудрасць.
Таму ў Касцёле вельмі патрэбнае cупрацоўніцтва — collaboration: гэта вельмі важнае слова, якое часта гучала падчас форуму на ўсіх чатырох працоўных мовах: англійскай, іспанскай, французскай і італьянскай.
Размаўляючы на тэму служэння і місіі, юнакі і дзяўчаты з розных частак свету больш даведаліся пра сітуацыю моладзі і Касцёлаў у розных краінах. Нягледзячы на тое, што яны маюць розны жыццёвы вопыт і розныя праблемы, адчувалася, што ўсе разам складаюць адзіны паўсюдны Касцёл, прыгожы менавіта ў сваёй разнастайнасці.
Кульмінацыяй рымскага паслясінадальнага форуму моладзі стала асабістая сустрэча яго ўдзельнікаў з папам Францішкам. Яна адбылася пасля св. Імшы ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, цэлебрацыю якой узначаліў ужо знаёмы моладзі кардынал Фарэл. У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў:
«Важна памятаць, што ў нашым жыцці ўсё зводзіцца да сустрэчы з асобай Езуса Хрыста. Гэта тое, што змяняе нашае жыццё.
<…> Сёння мы таксама можам змяніць сваё жыццё; мы таксама можам напоўніцца радасцю Евангелля толькі тады, калі сустрэнемся з асобай Езуса Хрыста».
Пасля Імшы моладзь скіравалася проста ў Апостальскі палац, дзе ў напружаным чаканні прайшло паўгадзіны. Нарэшце радасныя воклічы і гучныя воплескі абвясцілі прыбыццё папы Францішка.
Распавядаючы пра плён трох дзён напружанай супольнай працы, удзельнікі паслясінадальнага форуму сказалі Святому Айцу:
«Мы — твар Хрыста, цалкам жывога. У гэтыя дні мы па-сапраўднаму адчулі паўсюдны Касцёл, багацце разнастайнасці краін і культур, якія мы прадстаўляем.
Наша місія караніцца ў нашай тоеснасці; праўдзе аб тым, што мы бясконца ўзлюбленыя. Менавіта з гэтай любоўю мы ідзем наперад, жывучы сваім жыццём для іншых.
Як малады Касцёл мы імкнемся слухаць, адрозніваць, расці і дазваляць кожнай частцы нашага жыцця быць перамененай. Мы гатовыя быць галоўнымі дзеючымі асобамі як адзін Касцёл на шляху сумеснай працы і супольнага прапаведвання.
Мы верым, што праз Хрыста мы здольныя працягваць рабіць свой каштоўны ўнёсак. Гэты сінадальны шлях натхніў і натхняе нас на пошук канкрэтных шляхоў абнаўлення Касцёла і грамадства, нягледзячы на выклікі, з якімі мы можам сутыкнуцца».
Папа ў адказ звярнуўся да моладзі са сваім словам, поўным любові, айцоўскага клопату і жартаў.
«Дарагая моладзь, я паўтараю яшчэ раз: вы — сённяшні дзень Бога, сённяшні дзень Касцёла! Вы патрэбныя Касцёлу, каб ён мог цалкам быць сабою.
Як Касцёл вы з’яўляецеся целам уваскрослага Пана, які жыве ў гэтым свеце. Я прашу вас заўсёды памятаць, што вы — часткі аднаго цела. Вы звязаныя адно з адным, і паасобку вам не ўратавацца <…> Толькі ідучы разам, мы можам стаць сапраўды моцнымі. Разам з Хрыстом, хлебам жыцця, які дае сілы ў дарозе, давайце несці святло Ягогнага полымя ў ночы гэтага свету!» — заклікаў моладзь пастыр паўсюднага Касцёла.
Пазней кожны з удзельнікаў мог падысць і мець свае «30 секунд з Папам». Нашыя дзяўчаты Ліза і Міла падзякавалі папу Францішку за яго апеку над моладдзю і перадалі, што маладыя католікі Беларусі вельмі любяць яго і чакаюць яго прыезду ў нашу краіну.