Як паведаміла 18 чэрвеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, міжнародны моладзевы форум, прысвечаны аналізу першых вынікаў леташняга Сіноду Біскупаў на тэму моладзі, веры і распазнання пакліканняў, пройдзе ў Рыме ў бліжэйшыя дні.
«Актыўная моладзь у сінадальным Касцёле» — так гучыць тэма мерапрыемства, якое адбудзецца з 19 па 22 чэрвеня. Прэзентацыя маштабнай сустрэчы, ініцыятарам якой выступае Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, прайшла 18 чэрвеня ў прэс-службе Святога Пасаду.
Мэту і праграму форуму акрэсліў а. Алехандрэ Aўі Мэло, сакратар згаданай Дыкастэрыі.
Па яго словах, мерапрыемства будзе прысвечана аналізу вынікаў і ўплыву мінулагодняга Сіноду Біскупаў па пытаннях моладзі на жыццё партыкулярных Касцёлаў і дзейнасць касцёльных рухаў.
У першы дзень форуму адбудзецца рэтраспектыўная дыскусія на тэму «Сінадальны шлях і яго ўплыў на мясцовыя Касцёлы». Удзел у ёй возьмуць кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і кардынал Ларэнцо Балдзісэры, генеральны сакратар Сіноду Біскупаў.
Другі дзень форуму будзе прысвечаны чытанню і аналізу паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка Christus vivit. Дыскутуючы ў працоўных групах разам з экспертамі, удзельнікі паспрабуюць вылучыць канкрэтныя аспекты, у якіх досвед зямнога жыцця Езуса Хрыста натхняе моладзь.
У праграме трэцяга дня акцэнт будзе зроблены на магчымым канкрэтным унёску, які могуць зрабіць маладыя людзі, каб касцёльныя супольнасці, да якіх яны належаць, працягвалі рухацца «сінадальным» шляхам.
Для ўдзелу ў форуме зарэгістраваліся 246 маладых дэлегатаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, якія прадставяць 109 краін і 37 каталіцкіх супольнасцяў, рухаў і асацыяцый.
18 з іх былі ўдзельнікамі Сіноду ў якасці аўдытараў. Да іх далучацца 15 адказных за душпастырства моладзі з розных краін.
Беларускіх юнакоў і дзяўчат таксама чакаюць на малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы, якая пройдзе 26–28 ліпеня і будзе прысвечана тэме «Рэха Сіноду: Моладзь. Вера. Пакліканне».