У суботу 8 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе (Стаўбцоўскі дэканат) упершыню адбылося чуванне ў вігілію Спаслання Духа Святога. Да супольнай малітвы далучыліся вернікі з парафіі Перамянення Пана з Негарэлага і з наваколля.
Свята распачалося з адпаведнай атмасферы.
Па-святочнаму прыбраны і ўпрыгожаны касцёл сцішыўся ў чаканні. Чэрвеньскія кветкі, нібы навыперадкі адна перад другой, раскрылі бутоны і радавалі сваёй прыгажосцю. Лёгкі павеў ветрыку час ад часу ўскалыхваў лісце традыцыйных бярозак на прыступках — сімвалаў Духа Святога.
Нездарма ў народзе гэтую ўрачыстасць называюць таксама «Зялёнымі святкамі».
Касцёл, напоўнены пакуль толькі водарам лета і праменнямі сонца, чакаў…
Некалькі шаноўных жанчын старэйшага ўзросту — яны заўсёды першыя — падышлі да брамы, ушанавалі крыж, увайшлі ў святыню, прывіталі Езуса. За імі пацягнуўся ланцужок вернікаў. Хтосьці свяціўся ўсмешкай, хтосьці ціхенька выціраў слязінку; адны з кіёчкам, іншыя з падскокам, — але ўсе ў пабожным настроі, прыйшлі з надзеяй быць пачутымі Нябесным Валадаром.
Сабраныя вернікі славілі Бога і маліліся аб спасланні Дароў Духа Святога.
Супольная малітва аб Дарах Духа Святога распачалася спевам секвенцыі да Духа Святога.
«Божа, Дух Святы, прыйдзі!» — просім Цябе аб Дары розуму, каб мелі здольнасць думаць і аналізаваць, пазбягаць зла, выбіраць дабро і адважна наследаваць Хрыста ў штодзённым жыцці.
«Ойча ўбогіх», просім Цябе аб дары рады, каб мелі здольнасць адрозніваць дабро ад зла і выбіраць дабро для сябе, для родных і блізкіх, для кожнага, каго сустрэнем на жыццёвым шляху.
«Суцяшыцель сэрц людскіх», просім Цябе аб дары мужнасці, каб мелі здольнасць пераадольваць страх перад цяжкасцямі і жыццёвымі выпрабаваннямі і, як бы ні вабілі спакусы гэтага свету, ісці за Хрыстом.
«Наймілейшы Госць», просім Цябе аб дары ўмеласці, каб мелі здольнасць праз веру пазнаць Бога і любіць Яго.
«Асалода стомленых», просім цябе аб дары пабожнасці, каб мелі здольнасць трываць у малітве і жыць па запаведзях Тваіх.
«Вада для прагнучых», просім цябе аб дары боязі Божай, каб мелі здольнасць усведамляць пастаянную прысутнасць Божую і каб маглі ўсклікаць у Духу: «Абба, Ойча!»
«О Святло шчаслівае», просім Цябе аб дары мудрасці, каб мелі здольнасць распазнаваць Бога ў нашым жыцці і ва ўсім Яго стварэнні.
Да ўсіх дароў Тваіх просім аб дары пакаяння, каб маглі з чыстым сэрцам прыступаць да Крыніцы жыцця.
Сем свечак гарэлі на алтары, свецячы дрыготкімі язычкамі полымя. Ад алтара духоўны агонь запаліў сэрцы ўсіх сабраных у касцёле. Пачаўся спеў Акафіста да Духа Святога з запрашэннем: «О Нябесны Уладару, пасяліся ў нас».
Святая Імша. Да яе рыхтаваліся загадзя. Літугрічныя чытанні, спевы, малітва вернікаў — усё было напоўнена любоўю, удзячнасцю, шчасцем супольнага праслаўлення Бога.
Мы ўсе такія розныя і разам з тым такія падобныя, напоўненыя багатым словам Божым і Целам Езуса, апрануліся ў моц Духа.
Твары свяціліся добразычлівымі ўсмешкамі, узнёслым настроем і жаданнем дапамагчы бліжняму.
Далей чакаў святочны канцэрт гурта «З песняй па жыцці», чыё выступленне парадавала прысутных. Прадстаўнікі старэйшага пакалення, забыўшыся пра хваробы, успомнілі маладосць. Здавалася, яшчэ імгненне, і шаноўныя бабулечкі пусцяцца ў скокі.
Для дзяцей была арганізавана свая забаўляльная праграмма. Не забыліся і пра пачастунак, прыгатаваны вернікамі на ўзор агапаў — хрысціянскіх гасцінаў любові. Свята, што доўжылася некалькі гадзін, праляцела, нібы адно імгненне. Бо ў Бога і тысяча гадоў — як адзін дзень…