Пошук

04.06.2019 17:40   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by

1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся IX Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, у свяце ўдзельнічала больш за 2500 чалавек. У яго падрыхтоўцы і правядзенні было задзейнічана больш за 120 валанцёраў і аніматараў, якія стараліся прынесці дзецям масу радасных перажыванняў.

Сёлета Дзень дзіцяці праходзіў пад дэвізам «Сям’я — дом любові».

Праз яго арганізатары імкнуліся нагадаць, што сям’я — першая школа любові, дзе чалавек закладвае належны фундамент пад сваё жыццё, а бацькі — першыя выхавацелі, якія сваімі паводзінамі даюць прыклад для наследвання.

Праграму на сцэне вялі героі мультфільма «Тролі». Наогул арганізатары падрыхтавалі вельмі шмат забаўляльных мерапрыемстваў: цырульніцкі салон, маляванне на тварах, творчая майстэрня, дзе дзеці маглі самастойна зрабіць фотарамкі з выявай Святой Сям’і, бранзалеты і закладкі ў кніжку.

Традыцыйна не абышлося без батутаў і надзіманых горак. Была магчымасць паіграць на розных музычных інструментах, для зацікаўленых працавала фізіка-хімічная лабараторыя. Цікавым падарункам стаў прыезд байкераў, падчас якога дзеці маглі зрабіць фотаздымак і пасядзець на матацыкле. Вельмі прыемным момантам сталі забавы ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адбылося таксама прадстаўленне працаўнікоў дзяржаўнай службы. У дзяцей была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі служачага МНС, апрануўшы працоўную форму. Самым захапляючым момантам стала прадстаўленне з вадой.

Найважнейшым пунктам праграмы была ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Падчас Імшы маленькія ўдзельнікі дзякавалі за чарговы навучальны год, маліліся за сваіх бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў, катэхетаў і ўсіх дзяцей, якія па розных прычынах сумныя і не могуць спазнаць сапраўдную радасць дзяцінства.

У гаміліі кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адзначыў, што сёння ў свеце ёсць шмат рэчаў, якія робяць для чалавека немагчымай сустрэчу з Богам.

Самі дзеці прызнаваліся, што іх кантакту са Стварыцелем могуць перашкодзіць інтэрнэт, тэлефон, гульні і забавы. Таму яны абяцалі, што будуць прыкладваць шмат старанняў, каб ніколі не страціць Бога ў сваім жыцці і заўсёды, асабліва падчас канікул, жыць у сяброўстве з Ім.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу, што кожнай сям’і, каб быць шчаслівай і моцнай, патрэбны Бог. Іерарх заахвоціў дзяцей кожны дзень дзякаваць Богу за сваіх бацькоў і прасіць благаславіць кожную маці і бацьку, каб яны заўсёды давалі добры прыклад і вучылі дзяцей, як любіць Усемагутнага і кожнага чалавека.

На завяршэнне дзеці атрымалі парады, як будаваць сапраўдную хрысціянскую сям’ю і што рабіць, каб яна стала сапраўдным домам любові.

Вядучыя мерапрыемства падкрэслілі, што сям’я павінна быць заснавана на падмурках веры, любові, дабрыні, падтрымкі. «Касцёл сёння нас заклікае, каб Езус быў пасярод нас і Яго ласка нараджалася ў нашых душах. Мы павінны старацца, каб зло не пранікала ў нашы сем’і. Няхай Святая Сям’я выпрошвае ў Бога адпаведныя ласкі ўсім нам, асабліва нашым сем’ям, каб яны былі радасцю і надзеяй сучаснага свету і нашай краіны», — сказаў на завяршэнне кс. Юрый Марціновіч, галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.

Таксама арганізатары параілі ва ўсіх цяжкіх сітуацыях звяртацца да Бога. Кульмінацыяй завяршальнай цырымоніі стала малітва «Ойча наш», калі прысутныя прасілі ў Бога патрэбныя ласкі для сваіх сем’яў і для адной вялікай сям’і — дыяцэзіяльнага Касцёла.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі пажадаў усім шчаслівай дарогі дадому, удзяліў благаслаўленне і папрасіў дзяцей ніколі не рабіць сабе канікул ад Бога, малітвы і Касцёла.

Больш фота можна пабачыць на Grodnensis.by>>>

Абноўлена 05.06.2019 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця