Пошук

23.05.2019 11:37   Тэкст: Іаланта Валуевіч / Catholic.by

19 мая творчая інтэлігенцыя Астравеччыны па традыцыі сабралася ў в. Барані Астравецкага раёна, каб ушанаваць памяць свайго знакамітага земляка святара Канстанціна Стаповіча — паэта Казіміра Сваяка ў 93-ю гадавіну з дня смерці.

На імпрэзу прыехалі родныя святара і паэта з Вільні, прыйшлі жыхары з яго роднай вёскі  і землякі з наваколля.

Напачатку, як заўсёды, адбылася св. Імша за супакой душаў кс. Стаповіча і яго родных, якую цэлебраваў пробашч парафіі ў Міхалішках кс. Анатоль Захарэўскі.

Дрыжэлі агеньчыкі свечак, словы малітвы гучалі асабліва шчыра ў доме, дзе некалі нарадзіўся кс. Канстанцін Стаповіч, і ўсе час ад часу скіроўвалі позіркі на партрэт маладога святара. Было ўражанне, што ён нябачна ўдзельнічае ў малітве, і, можа, таму словы малітвы гучалі больш пранікнёна, а душы людзей напаўняліся шчырай удзячнасцю да свайго таленавітага земляка.

Пасля адбылася літаратурная частка. Краязнаўца, паэтка, выканаўца ўласных песень і проста добразычлівая жанчына Людміла Кухарэвіч прачытала некалькі вершаў Казіміра Сваяка, што адпавядалі тэме дня. Прыгожа і кранальна прагучала песня ў яе выкананні на верш Казіміра Сваяка «Спавіў мне сэрца жаль…».

«Ад роднай старонкі прывет» прыехалі перадаць родзічы кс. Стаповіча з Вільні Чэслава Блажэвіч і Рэгіна Гурына. Яны разам праспявалі любімую песню Казіміра Сваяка «Зялёны дубочак», якой ён навучыўся ад сваёй маці.

«У нашай сям’і памяталі ксяндза Стаповіча, шанавалі і ганарыліся ім. Калі я выходзіла замуж, — успамінае Рэгіна, — усе ў вёсцы сталі зайздросціць, што ў мяне багаты жаніх. А бабуля сказала: “Гэтае багацце — нішто! З нашае сям’і паходзіць ксёндз Канстанцін — во гэта багацце, такое, што не знікне ніколі! Гэта наша багацце, наша радасць і наш гонар!»

Упершыню прыняў удзел у сустрэчы, прысвечанай Казіміру Сваяку, паэт-пісьменнік, сябра Саюзу пісьменнікаў Расіі і Украіны Аляксандр Марозаў, які ўжо пяць гадоў жыве на Астравеччыне.

Ён выразіў захапленне тым, што мы маем такога слыннага земляка, і тым, што ўжо 14 гадоў праходзяць рэгулярныя сустрэчы на ўшанаванне яго памяці.

Сам Аляксандр Марозаў паходзіць з Данбаса, там жа некалі нарадзіўся і слынны ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра. Землякі таксама спрабавалі зрабіць нешта падобнае па ўвекавечанні памяці паэта, але ў іх атрымалася сабрацца толькі раз.

«Можа, таму, што гэта не проста паэт, але ў першую чаргу святар, які пры жыцці ратаваў чалавечыя душы, ён і цяпер аб’ядноўвае добрых людзей», — адзначыў Аляксандр Марозаў. Ён прачытаў некалькі сваіх вершаў і цвёрда вырашыў далучыцца да астравецкага «хаўрусу».

Прадстаўнік газеты «Астравецкая праўда» журналіст Алена Гануліч расказала, што гэты раённы орган друку заўсёды асвятляў і асвятляе ўсё, што звязана з Казімірам Сваяком. Не раз газетай былі арганізаваны конкурсы на лепшы верш, лепшы малюнак да юбілейных датаў паэта.

Дзякуючы ў тым ліку і газеце, імя святара-паэта стала вядомае не толькі за межамі раёна, але і за межамі краіны.

Родзічы паэта выразілі шчырую ўдзячнасць кс. Анатолю Захарэўскаму і ўсім, хто прыняў удзел у сумеснай малітве і імпрэзе.

У тых касцёлах, дзе ён святарыў,
Дарогу ў неба адкрыці марыў,
Званы і сёння набожна звоняць.
Благаславён будзь, Кастусь Стаповіч!

Гэты верш, які ўжо зрабіўся песняй, стаў таксама і гімнам сустрэчы — на заканчэнне ўсе разам дружна яго праспявалі.

Абноўлена 23.05.2019 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа