13 мая, ва ўспамін Маці Божай Фацімскай, у Вішневе (Смаргонскі дэканат) зноў распачаліся традыцыйныя фацімскія набажэнствы, якія адбываюцца ў парафіі з мая па кастрычнік у кожны 13-ы дзень месяца.
У далёкім 1917 г. на супрацьлеглым канцы Еўропы ў партугальскім мястэчку Фаціма Маці Божая аб’явілася тром маленькім пастушкам, каб перадаць усяму свету заклік да малітвы.
Мінула ўжо 102 гады пасля першага аб’яўлення ў Фаціме, і вось у невялічкім беларускім мястэчку Вішнева мясцовыя вернікі зноў сабраліся на асаблівае набажэнства, адказваючы на фацімскі заклік Багародзіцы да малітвы.
Гэтыя набажэнствы ўжо не першы год праводзяцца тут па ініцыятыве вішнеўскага пробашча кс. Антонія Казлоўскага і зазвычай збіраюць духавенства і вернікаў з усяго наваколля.
Супольная малітва распачалася св. Імшой, якая цэлебравалася ва ўсіх інтэнцыях, якія вернікі скіроўваюць да Бога праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай. Большасць з іх ужо старэйшыя людзі, і яны даручаюць заступніцтву Нябеснай Матулі сваіх дарослых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Яны просяць для іх не толькі здароўя і іншых неабходных у штодзённым жыцці дабротаў, але перадусім ласкі моцнай веры, каб не пакідалі Бога, не занядбоўвалі сакрамэнтаў і не забываліся пра малітву.
Пасля Эўхарысты з фігурай Маці Божай Фацімскай і з ружанцамі ў руках вернікі выходзяць на стромы пагорак, на якім пабудавана іх святыня, каб у працэсіі ўзносіць свае просьбы да Нябеснага Айца.
Цотныя таямніцы яны прамаўляюць, узняўшы ўгору свае спрацаваныя рукі і сэрцы, шчыра адданыя Найсвяцейшай Багародзіцы.
Кс. пробашч Антоні Казлоўскі сардэчна запрашае святароў і ўсіх шанавальнікаў Маці Божай узяць удзел у чарговым фацімскім набажэнстве, якое адбудзецца ў Вішневе ў чацвер 13 чэрвеня а 12-й гадзіне.
У гэты дзень у Касцёле будзе адзначацца свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.